«Нас больш усхвалявалі піянэры, чым „адмена“ сьвятога Валянціна»
Дачка Марыны (імя зьмененае. — РС) ходзіць у сталічную гімназію. Кажа, што прамой забароны сьвяткаваць Дзень закаханых для дзяцей няма. Але няма і нейкага адзначэньня.
«Летась у школе былі стварылі адмысловую фотазону, працавала пошта для сьвяточных валянцінак. Сёлета гэтага нічога няма. Дзеці хіба самі намалююць адзін аднаму валянцінкі і падораць», — расказала Марына.
Яна кажа, што настаўнікі ў школе маўчаць, «як быццам такога сьвята і не было ніколі». Але маці больш хвалюе магчымае ўступленьне дачкі ў піянэры.
«Бацькам сказалі, што ўсе дзеці мусяць уступіць у піянэры, і што мусяць менавіта 100%. Інакш, маўляў, забірайце дакумэнты. Сытуацыя непрыемная», — дадала Марына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: І каб ніякага каханьня! Чаму беларускім студэнтам забаранілі сьвяткаваць Дзень сьвятога ВалянцінаДачка Алены (імя зьмененае. — РС) ходзіць у адну са школ Берасьця. Маці кажа, што там не скасавалі Дзень сьвятога Валянціна, нават паставілі адмысловыя скрынкі для валянцінак.
Свабода праглядзела некалькі дзясяткаў сацыяльных сетак беларускіх школ. У асноўным апошнія публікацыі тычацца Дню вываду савецкіх войск з Афганістану, які адзначаецца 15 лютага. Згадак пра сьвята закаханых няма.
Паведамленьне пра Дзень сьвятога Валянціна мы знайшлі ў Іnstagram школы № 53 Гомля У школе праходзіць Тыдзень ангельскай мовы, і вучні ўдзельнічалі ў гульні, дзе згадвалася запрашэньне на 14 лютага і тлумачыліся карані гэтага сьвята.
Як было раней
Два гады таму ў школе № 105 Менску адзначалі Дзень сьвятога Валянціна. «Працавала пошта „З любоўю да настаўніка“, „З Днём сьвятога Валянціна“. Дзеці шукалі „сваю палавінку“, зь якой выконвалі сумесныя заданьні.
«Усім было весела і цікава, на перапынках атрымлівалі лісты і валянцінкі. Дзень сьвятога Валянціна не зусім дзіцячае сьвята, але такому пачуцьцю пакорныя ўсе ўзросты. Ды і няма нічога благога ў тым, каб дзіця вучылася выказваць свае эмоцыі», — было напісана на школьным сайце.
У мінулыя гады сьвята закаханых адзначаў нават БРСМ. Праўда, з асаблівасьцямі. «Акцыя „За любімую Беларусь!“ праводзілася ўсімі арганізацыямі БРСМ у Беларусі. Былі конкурсы творчых работ, дыскатэкі і іншыя актыўнасьці. Мэтай акцыі было „прызнаньне ў любові да Радзімы“.
Адзначалі сьвята закаханых і ў беларускіх ВНУ. Сёлета, як паведамляюць некаторыя СМІ, прынамсі ў БДУ сьвяткаваньня ня будзе. Партал «Точка» зьвярнуўся за камэнтарам з гэтай нагоды да адміністрацыі БДУ.
Там адказалі, што сьвята не адмянялі, бо яго і не было ў плянах унівэрсытэту. «Таму няма чаго і адмяняць. Усё, што распаўсюджваецца вакол гэтай тэмы ў інфармацыйнай прасторы, — непраўдзівая інфармацыя», — паведамілі парталу ва ўнівэрсытэце.
Ці гэта першы раз
Спробы забараніць «чужыя дэструктыўныя сьвяты» Гэлаўін і Дзень сьвятога Валянціна ў Беларусі былі і раней. У 2017 годзе «Эўрарадыё» пісала, як у школы Віцебскай вобласьці прыйшоў ліст з «рэкамэндацыямі» ад кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Дзьмітрыя Хомы.
«Зьяўляючыся прадуктам сучаснай масавай культуры Захаду гэтыя так званыя „сьвяты“ не адносяцца ні да рэлігійных сьвят якой-небудзь з канфэсій, зарэгістраваных у Беларусі, ні да афіцыйных, носяць дэструктыўны характар, падрываюць асновы маралі, сям’і і нацыянальных традыцый», — пісаў у лісьце чыноўнік.
Тады віцебскія школы прытрымаліся рэкамэндацый і не адзначалі «дэструктыўнае» сьвята.