У Баскава 37 штрафаў, Азаронак пачынаў кар'еру ў дзіцячым садку. Што вядома пра ўдзельнікаў «камісіі па вяртаньні зьбеглых беларусаў»

Андрэй Мукавозчык, Андрэй Швед, Рыгор Азаронак, Вадзім Гігін, сябры «камісіі па вяртаньні зьбеглых беларусаў». Каляж

Паглядзелі, дзе працавалі, як жывуць і ці мелі прэтэнзіі ад дзяржавы тыя, хто будзе вырашаць, каму можна вяртацца ў Беларусь, а каму – не.

На пачатку лютага Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі, якая будзе вырашаць, ці могуць беларусы, якія выехалі з прычыны рэпрэсій, вярнуцца на радзіму. Камісію ўзначаліў гэнпракурор Андрэй Швед. Ён паведаміў, што «камісія на дзьве траціны складаецца з грамадзкіх дзеячаў, аўтарытэтных у беларускім грамадзтве людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак і Мукавозчык увайшлі ў «камісію па вяртаньні». Хто яшчэ?

Намесьнікі Шведа ў камісіі – намесьнік старшыні пастаяннай камісіі міжнародных спраў і нацыянальнай бясьпекі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Валеры Гайдукевіч і намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук.

Таксама ў склад камісіі ўвайшлі сілавікі, чыноўнікі, прапагандысты і некалькі прадстаўнікоў праўладных арганізацый: ад прапагандыста Рыгора Азаронка да кіраўніка КДБ Івана Тэртэля. Расказваем пра тых, хто сам праштрафіўся перад дзяржавай або фігураваў у крымінальных справах.

Рыгор Азаронак

Цяперашні прапагандыст пачынаў сваю кар’еру вельмі рана і не ў журналістыцы. Ужо ў 2011 годзе (тады Азаронку было 16-17 гадоў) ён падпрацоўваў у цэнтры дадатковай адукацыі «Ранак». У 2013 годзе Азаронак працаваў у дзіцячым садку, пасьля ў гімназіі і школе. Гэта вынікае са зьвестак «Кібэрпартызанаў», якімі яны падзяліліся са Свабодай. Гэта ўзламаная база МУС Беларусі, зьвесткі зь якой кібэрпартызаны атрымалі ўлетку 2021 году.

На тэлевізію Азаронак трапіў у 2016 годзе.

Прапагандыст фігуруе адразу ў некалькіх крымінальных справах у якасьці пацярпелага. У лістападзе 2020 году ён нібыта пацярпеў на пратэстах у раёне вуліцы Пушкінскай. Гэта была акцыя «Я выходжу», пратэст супраць забойства Рамана Бандарэнкі.

Яшчэ адна крымінальная справа зьвязаная зь перакладчыцай Вольгай Калацкай, якая дала Азаронку поўху. Перакладчыцу пасьля гэтага асудзілі на два гады «хатняй хіміі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскае СІЗА

Яшчэ адна крымінальная справа таксама тычыцца інцыдэнту, які адбыўся 15 лістапада 2020 году, на акцыі ў гонар Рамана Бандарэнкі. Тады нібыта «нявызначаная асоба нанесла каля 20 удараў па галаве і плячах» Азаронка.

З Азаронкам зьвязаны яшчэ як мінімум дзьве крымінальныя справы. Адна – гэта справа аб замаху на самаго Азаронка, адзін з эпізодаў, за які судзілі пяцярых прадстаўнікоў арганізацыі «Атрады грамадзянскай самаабароны». Тады Натальлі Мацьвеевай прысудзілі 14 гадоў калёніі, Вадзіму Гулевічу – 18 гадоў калёніі, Кірылу Ашурку – 13 гадоў калёніі, Глотаву і Сасноўскаму па 20 гадоў калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 20 гадоў калёніі: такія тэрміны запрасілі ў «справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі»

Іх прызналі вінаватымі ў актах тэрарызму, адзін зь якіх і быў замахам на Азаронка.

Яшчэ адна крымінальная справа, у якой фігуруе прапагандыст – гэта справа палітвязьня Арцёма Забелянкова. Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і арт. 198 Крымінальнага кодэксу («Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста»).

Паводле праваабаронцаў, падчас удзелу ў «Маршы гонару» 11 кастрычніка 2020 году Арцём зьвярнуўся з патрабаваньнем спыніць відэаздымку да дзяржаўнага прапагандыста Рыгора Азаронка і апэратара Андрэя Іваненкі.

Судзьдзя Алена Капцэвіч прызначыла палітвязьню 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Адміністрацыйных спагнаньняў Азаронак не мае.

Дзьмітры Баскаў

У камісію Шведа трапіў таксама Дзьмітры Баскаў, які цяпер уваходзіць у Савет Рэспублікі. Раней Баскаў узначальваў Фэдэрацыю хакею Беларусі. Згодна з расьсьледаваньнем ByPol, Баскаў прысутнічаў на «плошчы Перамен» у дзень, калі пабілі Рамана Бандарэнку, які памёр ад атрыманых траўмаў. Пасьля ў інтэрнэце зьявіліся тэлефонныя размовы, дзе голас аднаго з суразмоўцаў быў падобны да голасу Дзьмітрыя Баскава, а другі – да голасу прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант. У размове яны якраз абмяркоўвалі будучыя рэйды па зразаньні стужак у дварах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасадзілі нават сьвятара, які яго адпяваў. 2 гады пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі

Па зьвестках «Кібэрпартызанаў», з 2012 году Баскаў зрабіў 37 адміністрацыйных парушэньняў, усе яны зьвязаныя з парушэньнем правілаў дарожнага руху.

Дзьмітры Баскаў

Напрыклад, улетку 2020 году Дзьмітры Баскаў перавысіў хуткасьць: разагнаўся да 141 км/г на ўчастку дарогі, дзе можна ехаць толькі 90 км/г. Улетку 2012-га выехаў на сустрэчную паласу праз трамвайныя шляхі, у 2017 годзе не арганізаваў своечасовы рамонт аўтамабіля, у 2013-м своечасова не прайшоў тэхагляд. З усяго сьпісу выбіваецца толькі адно правапарушэньне – 11 сьнежня 2020 году Баскаў «дапусьціў шум у кватэры ў начны час».

Ёсьць у Баскава і бізнэс-інтарэсы. У 2020 годзе па даручэньню Лукашэнкі ён стаў саўладальнікам акумулятарнага заводу пад Берасьцем, супраць будаўніцтва якога некалькі гадоў запар пратэставалі мясцовыя жыхары. З 2019-га па 2020 год Баскаў быў у складзе рады дырэктараў БСБ-банка. У 2018 годзе ён атрымаў долю ў кампаніі «Рэторсія Трэйд», якая, сярод іншага, забудоўвала элітны пасёлак Тарасава пад Менскам.

Натальля Карчэўская

Натальлю Карчэўскую прызначылі рэктаркай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў у канцы кастрычніка 2020 году. Да таго яна была першай намесьніцай міністра культуры, а яшчэ раней – дэпутаткай Менскага гарадзкога савету дэпутатаў XVIII скліканьня.

На новай пасадзе Натальля Карчэўская ўжо зарабіла адну адміністрацыйную справу – за парушэньне працэдуры правядзеньня дзяржаўнай закупкі.

Андрэй Мукавозчык

Яшчэ адзін сябра «камісіі па вяртаньні зьбеглых беларусаў» – калюмніст газэты адміністрацыі Лукашэнкі «СБ: Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык. Старэйшыя дзеці калюмніста знаходзяцца ў ЗША: дачка Марыя і сын Міхаіл жывуць у штаце Вірджынія.

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок судзіцца з рэдакцыяй газэты «Советская Белоруссия» аб абароне гонару і годнасьці. На фота - Прадстаўнікі «СБ» — Андрэй Мукавозчык (зьлева) і рэдактар юрыдычнага аддзела выданьня Аляксей Шпілеўскі. Менск, 17 жніўня 2017 году

З дапамогай «Кібэрпартызанаў» Свабода дазналася, што за апошнія дзесяць гадоў на Мукавозчыка было складзена больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў за перавышэньне хуткасьці і паркоўку ў неналежных месцах.

Ва ўласнасьці прапагандыста аўтамабіль Lexus RX300, а таксама некалькі кватэр у Менску.

Алег Дзьячэнка

Сябра Савету Рэспублікі і рэктар Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Алег Дзячэнка таксама будзе вырашаць, ці можна вяртацца апанэнтам рэжыму, якія выехалі зь Беларусі. Адміністрацыйных спагнаньняў ён ня мае, але праходзіць пацярпелым адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: «Разьмяшчэньне пэрсанальных зьвестак», «Ананімная пагроза» і пашкоджаньне аўтамабіля.

Юры Васкрасенскі

Былога сябра Камуністычнай партыі і былога чальца каманды Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага ўлады імкнуцца выдаць за прадстаўніка «канструктыўнай апазыцыі». Ён ужо ня раз абяцаў амністыю і вызваленьне палітвязьням, але гэтага не адбылося. Цяпер Юры – удзельнік камісіі па вяртаньні ўцекачоў ад рэпрэсій.

Юры Васкрасенскі

На Юрыя Васкрасенскага ёсьць крымінальная справа за ўдзел у пратэстах 9-10 жніўня. Зь СІЗА КДБ ён выйшаў у кастрычніку 2020 году, неўзабаве даў некалькі інтэрвію дзяржаўным СМІ пра тое, як ён расчараваўся ў пратэставым руху.

З 2015 году Васкрасенскі мае 12 адміністрацыйных спагнаньняў, большасьць зь якіх зьвязаная з парушэньнем правілаў дарожнага руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У інтэрнэце апублікавалі праект магчымай амністыі палітвязьняў, аднак высьветлілася, што гэта старыя прапановы Васкрасенскага

Марат Маркаў

Яшчэ адзін журналіст зь дзяржаўных СМІ, які трапіў у камісію па вяртаньні, – гендырэктар АНТ Марат Маркаў. Былыя калегі апісваюць яго як «жорсткага і помсьлівага чалавека нарцыстычнага характару».

Марат Маркаў любіць матацыклы, мае «Харлей Дэвідсан». Па зьвестках «Кібэрпартызанаў» з 2013 году ў яго 10 адміністрацыйных пратаколаў за парушэньне правілаў дарожнага руху.

Марат Маркаў

У іншых чальцоў камісіі мы не знайшлі адміністрацыйных спагнаньняў ці крымінальных спарваў, цалкам яе склад выглядае так:

  • Рыгор Азаронак – палітычны аглядальнік дырэкцыі інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне»;
  • Сяргей Алейнік – міністар замежных спраў;
  • Дзьмітры Баскаў – намесьнік старшыні пастаяннай камісіі адукацыі, навукі, культуры і сацыяльнага разьвіцьця Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу;
  • Уладзімер Басько – генэральны дырэктар навукова-тэхналягічнай асацыяцыі «Інфапарк»;
  • Алена Богдан – старшыня камітэту аховы здароўя Менскага гарвыканкаму;
  • Аляксандар Багдановіч – старшыня асацыяцыі «Фэдэрацыя хакею Рэспублікі Беларусь»;
  • Юры Васкрасенскі – дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сілаў»;
  • Вадзім Гігін – старшыня праўленьня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства “Веды”»;
  • Аляксандра Ганчарова – старшыня Цэнтральнай рады грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя»;
  • Дзьмітры Гара – старшыня Сьледчага камітэту;
  • Васіль Гурскі – галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
  • Алег Дзячэнка – член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, рэктар Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі;
  • Натальля Карчэўская – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва;
  • Іван Кубракоў – міністар унутраных спраў;
  • Анатоль Лапо – старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту;
  • Марына Лянчэўская – дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу;
  • Аляксандар Маркевіч – намесьнік старшыні пастаяннай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу;
  • Марат Маркаў – старшыня праўленьня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»;
  • Ігар Маршалаў – намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю – дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў;
  • Андрэй Мукавозчык – палітычны аглядальнік установы Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”»;
  • Яўген Пуставой – аглядальнік палітычны дырэкцыі інфармацыйнага вяшчаньня ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне»;
  • Іван Тэртэль – старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі;
  • Ганна Харута – намесьніца старшыні рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня «Патрыёты Беларусі»;
  • Аляксей Швакоў – старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў;
  • Вольга Шпілеўская – старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Беларускі саюз жанчын»;
  • Іван Эйсмант – старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі: «У камісію па вяртаньні паступіла шмат зваротаў, але ніводзін не адпавядае патрабаваньням»