Прарыву ў дачыненьні да Беларусі ў апошнім пакеце санкцый Эўразьвязу пакуль не чакаецца, паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк:
«Апошні пакет санкцый ЭЗ супраць Беларусі застаецца тупіковым, галоўным чынам з прычыны прапанаваных выключэньняў для беларускіх угнаеньняў. Я не чакаю прарыву на гэтым тыдні».
15 лютага амбасадары Эўразьвязу абмяркуюць 10-ы пакет санкцый супраць Расеі.
Раней Юзьвяк паведамляў, што Беларусь ня згадваецца ў апошніх пакетах санкцый Эўразьвязу на просьбу Ўкраіны. Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што паведамленьні аб просьбе Ўкраіны не ўключаць Беларусь у апошнія пакеты санкцый ЭЗ не адпавядаюць рэчаіснасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ можа аслабіць абмежаваньні на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, — журналіст Свабоды ЮзьвякУ канцы лютага 2022 году частка расейскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў поўнамаштабным уварваньні на тэрыторыю Ўкраіны, атакавала ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Таксама тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца расейскім вайсковым камандаваньнем як пляцдарм для нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў па Ўкраіне. Пры гэтым беларускае войска ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
У кастрычніку Аляксандар Лукашэнка прызнаў удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, але падкрэсьліў, што беларусы «нікога не забіваюць».
Пэрыядычна розныя крыніцы паведамляюць, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін спрабуе схіліць Аляксандра Лукашэнку да непасрэднага ўдзелу ў вайне.
Украінскія ўлады і заходнія спэцслужбы ня бачаць прыкмет таго, што Беларусь цяпер рыхтуецца ўступіць у вайну, але не адкідаюць такой рызыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз на гадавіну пачатку вайны ўвядзе 10-ы пакет санкцый супраць Расеі