Эўразьвяз папрасіў улады Сырыі «не палітызаваць» аказаньне гуманітарнай дапамогі. У Турэччыне дзейнічаюць марадэры

Месцы часовага пражываньня, Харым, Сырыя, лю.ты 2023

Сярод разабраных завалаў усё меней тых, хто выжыў. Колькасьць ахвяр перавысіла 28 тысяч чалавек.

У Сырыі ад стыхійнага бедзтва найбольш моцна пацярпеў паўночны захад, які кантралюецца паўстанцамі, пакінуўшы многіх бяз даху над галавой у другі раз пасьля таго, як яны перасяліліся з іншых рэгіёнаў у выніку грамадзянскай вайны, якая доўжылася дзесяцігодзьдзе. Гэты рэгіён атрымаў мала дапамогі ў параўнаньні з раёнамі, якія кантралююцца ўрадам.

Прадстаўнік Эўразьвязу ў Сырыі заклікаў Дамаск не палітызаваць пытаньні гуманітарнай дапамогі, адхіляючы абвінавачваньні ў тым, што ЭЗ ня здолеў аказаць дастатковай дапамогі сырыйцам пасьля землятрусу магнітудай 7,8 бала.

«Абсалютна несправядліва, калі нас абвінавачваюць у неаказаньні дапамогі, калі насамрэч мы пастаянна робім менавіта гэта на працягу больш за дзесяць гадоў, і мы робім значна больш нават падчас землятрусу», — сказаў Дэн Стаэнеску для Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Турэччыне і Сырыі перавысіла 23 тысячы чалавек

У Турэччыне дзейнічаюць марадэры

У суботу Гізэм, ратавальнік з паўднёва-ўсходняй правінцыі Шанліўрфа, заявіла, што бачыла марадэраў у горадзе Антак’я.

«Мы ня можам моцна ўмешвацца, бо большасьць марадэраў маюць нажы», — сказала яна.

Паліцыя і салдаты разьехаліся, каб сачыць за парадкам і дапамагаць у дарожным руху і раздаваць ежу.

Турэцкія ўлады заявілі аб прыблізнай лічбе ў 80 тысяч чалавек у шпіталях і больш як мільёне чалавек у часовых месцах пражываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску Аляксандру Акпінар і яе сына, якія зьніклі падчас землятрусу ў Турэччыне, знайшлі нежывымі

Першы землятрус магнітудай 7,7 на паўднёвым усходзе Турэччыны, які закрануў некалькі раёнаў Сырыі, адбыўся ў ноч на 6 лютага. Празь некалькі гадзін недалёка ад яго эпіцэнтру адбыўся другі землятрус магнітудай 7,6. Пасьля іх было зафіксавана больш за 1200 паўторных падземных штуршкоў.

Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на наданьне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі. ЗША таксама выдзяляюць 85 мільёнаў даляраў на дапамогу. Сусьветны банк абʼявіў, што вылучае на дапамогу Турэччыне 1,78 мільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, ці жывыя мае сябры». Як беларусы пераносяць землятрус у Турэччыне