Міністарка адукацыі, навукі і спорту Літвы Юргіта Шугждзінене паведаміла, што 35 краін аднагалосна дамовіліся выступаць за забарону для Расеі і Беларусі выступаць на Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы (Францыя). У ліку гэтых краін, як піша Reuters, спасылаючыся на палітыка, — Злучаныя Штаты, Францыя, Японія, Нямеччына і Вялікая Брытанія.
Імаверна, заява зробленая па выніках сустрэчы, якую склікаў урад Брытаніі на пятніцу, 10 лютага. Пра сустрэчу міністраў спорту розных краін пісаў журналіст SkyNews Роб Гарыс. На перамовах абмяркоўвалася выпрацоўка калектыўнага стаўленьня да прапановы Міжнароднага алімпійскага камітэту дапусьціць спартоўцаў з Расеі і Беларусі на Алімпійскія гульні пад нэўтральным сьцягам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Скандынавіі і мэр Парыжу выказаліся супраць вяртаньня беларускіх і расейскіх спартоўцаў на АлімпіядуРаней такую магчымасьць дапускала мэр Парыжу Ан Ідальго, якая выступіла катэгарычна супраць таго, каб дазволіць Расеі і Беларусі выступаць на Гульнях пад дзяржаўнай сымболікай. Шэраг краін, у тым ліку Ўкраіна, скандынаўскія дзяржавы і іншыя выпусьцілі заявы аб непрымальнасьці расейскага і беларускага ўдзелу нават пад нэўтральным сьцягам.
Таксама супраць выказаўся Беларускі фонд спартовай салідарнасьці (БФСС). Там заявілі, што лічаць, што на Алімпіядзе могуць выступіць толькі тыя беларускія і расейскія атлеты, якія канкрэтна выказаліся супраць вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК папярэдзіў Украіну пра адказнасьць за байкот Алімпіяды ў Парыжы ў выпадку дапушчэньня расейцаў і беларусаўЦіханоўская: спартоўцы, якія падтрымліваюць вайну, не павінны выступаць на Алімпійскіх гульнях
Прадстаўніца беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская падтрымала заяву БФСС і выступіла супраць любога дазволу на ўдзел у Алімпіядзе спартоўцаў, якія падтрымліваюць вайну і рэжым Лукашэнкі.
«У тыя дні, калі вольную спартоўку Надзею Астапчук паўтара месяца ўтрымліваюць у катавальных умовах на Акрэсьціна, а затым адпраўляюць на „пакаяльнае інтэрвію“, у сьвеце сур’ёзна абмяркоўваюць, ці можна дапускаць спартоўцаў рэжыму і Расеі на Алімпіяду. З 2020 году беларускія спартоўцы масава выказаліся супраць фальсыфікацый, рэпрэсій і катаваньняў. На іх заводзілі крымінальныя справы, іх саджалі ў турмы, пазбаўлялі кар’еры. Яны выступілі супраць рэжыму — і страцілі магчымасьць трапіць на Алімпіяду.
Прарэжымныя спартоўцы, такія, як Максім Недасекаў, ня бачаць нічога дрэннага ў рэпрэсіях і катаваньнях. Яны ня бачаць злачынстваў Расеі ў вайне і адкрыта падтрымліваюць рэжым. Нягледзячы на рэпрэсіі спартовай грамадзкасьці ў Беларусі, такіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Токіё. Нягледзячы на спробу сілком павезьці ў Беларусь лёгкаатлетку Крысьціну Ціманоўскую, іх дапусьцілі на Алімпіяду ў Пэкін. І нават нягледзячы на саўдзел рэжыму ў вайне Расеі супраць Украіны, іх зьбіраюцца дапусьціць на Алімпіяду ў Парыжы. А сумленных беларускіх спартоўцаў, якія ўвесь гэты час змагаліся з рэжымам і выступалі супраць вайны, на Алімпіядзе ня будзе, бо рэжым не дае ім магчымасьці прымаць удзел у спаборніцтвах.
Нічога агульнага з справядлівасьцю тут няма. Я падтрымліваю пазыцыю Фонду спартовай салідарнасьці. Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсыфікацыі і вайну ва Ўкраіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Ні пад якім сьцягам — ні пад дзяржаўным, ні пад расейскім, ні пад нэўтральным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта спроба выжыць у нечалавечых умовах». Чаму ня трэба рэагаваць на «пакаяльнае інтэрвію» Надзеі Астапчук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расею пазбавілі права правесьці чэмпіянат сьвету ў плаваньні ў 2025 годзе