Віленскі акруговы суд 8 лютага адмяніў меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту юрысту Мантасу Данелюсу, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць Беларусі і адкрыта прызнаўся ў супрацы зь беларускім КДБ.
«Суд лічыць, што мэты папярэдняга зьняволеньня, прадугледжаныя законам, могуць быць дасягнутыя пры больш мяккай меры стрыманьня», — сказаў літоўскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS пракурор.
Суд працягнуў тэрмін затрыманьня падазраванага да 28 сакавіка.
Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасьня 2022 году на два месяцы. У канцы лістапада знаходжаньне пад вартай працягнулі. Данелюса падазраюць у зборы і перадачы інфармацыі спэцслужбам Беларусі, у прыватнасьці КДБ.
Як расказалі ў пракуратуры Вільні, больш за ўсё ён цікавіўся ўцекачамі зь Беларусі і Ўкраіны: прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але насамрэч зьбіраў інфармацыю аб фінансаваньні мясцовых беларускіх і ўкраінскіх арганізацый, а таксама спрабаваў перашкаджаць украінцам і беларусам, якія пражывалі ў Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён падставіў пэўных людзей». Што вядома пра затрыманага ў Літве юрыста, які супрацоўнічаў зь беларускімі прапагандыстаміСярод іншага Данелюс высьвятляў, для каго з уцекачоў зьбіраюць дапамогу і якім чынам разьмяркоўваюць, як жывуць у Літве беларусы і ўкраінцы, як арганізуецца перапраўка ў Літву беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач, у прыватнасьці, палічыла такія пытаньні юрыста падазронымі. Агулам Данелюс абышоў 20–30 беларускіх арганізацый. На яго напісалі заяву ў паліцыю.
Даведаўшыся, што на яго завялі крымінальную справу, Данелюс паспрабаваў уцячы ў Беларусь, але не пасьпеў. Цяпер яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт чэскага Сэнату заклікаў прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызмСправа аб шпіянажы стала для літоўца дзясятай. Раней яго судзілі восем разоў, а дзявятую крымінальную справу зараз разглядае акруговы суд Вільні. Размова ідзе аб падазрэньні ў фальсыфікацыі дакумэнтаў і іх неправамерным выкарыстаньні ў 2014–2015 гадах.
Абвінавачаньне ў той справе лічыць, што Данелюс здабываў давер у кіраўніцтва розных кампаній, а потым наводзіў там свае парадкі — звальняў дырэктараў, мяняў статут, падрабляў дакумэнты, фальсыфікаваў рахункі-фактуры і нават зьвярнуўся ў суд з просьбай завесьці справу аб банкруцтве адной зь фірмаў, паказаўшы фальшывыя паперы.
Раней Мантас Данелюс перадаў беларускай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай відэа з экс-байцом палку Каліноўскага ва Ўкраіне Віктарам Савічам. Гэтыя відэа паказалі па беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.
Сам беларускі добраахвотнік пазьней назваў паказанае па тэлевізіі «поўным трызьненьнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў краіны Эўразьвязу выслаць паслоў Расеі