«Усе ўратаваліся, акрамя іх». У Турэччыне загінула беларуска разам з мужам і двума дзецьмі

Кахраманмараш

Як стала вядома «Белсату», падчас землятрусу ў Турэччыне загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі – 11-гадовым сынам і 4-гадоваю дачкою. У доме (горад Кахраманмараш), дзе жыла гэтая сям’я, уратаваліся ўсе, акрамя іх.

Пра дэталі «Белсату» расказала знаёмая загінулых, таксама грамадзянка Беларусі, якая стала жыве ў Турэччыне:

«У свой час мой і ейны муж разам вучыліся ў Менску. Пасьля мы ўжо тут, у Турэччыне, сябравалі сем’ямі. Два дні не даходзілі паведамленьні, абодва тэлефоны былі выключаныя. Мы спадзяваліся да апошняга, што жывыя, што проста села батарэя. Адзін зь сяброў ейнага мужа напісаў, што яны пад завалам, іх шукаюць. А потым напісаў, што ўжо ўсё, іх няма. Пазьней гэта пацьвердзілі іхныя родныя. Сказалі, што ўсе ўратаваліся, акрамя іх сям’і».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Турэччыне і Сырыі вырасла да 9400. Зь Беларусі накіравалі дапамогу

У сям’і выхоўвалі 11-гадовага хлопчыка і 4-гадовую дзяўчынку. Знаёмыя цяпер шукаюць родных загінулай беларускі. Дзе яе пахаваюць, пакуль невядома. Знаёмыя пакуль ня могуць туды даехаць, бо многія гарады закрытыя.

Сёньня ў пасольстве Беларусі ў Анкары праінфармавалі, што пасьля землятрусу няма сувязі з чатырма беларусамі. На консульскім уліку ў Турэччыне — больш за 400 беларусаў. 53 асобы жывуць у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах, якія пацярпелі ад землятрусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад землятрусу ў Турэччыне і Сырыі загінулі больш за 5000 чалавек. Беларуску з горада Хатай знайшлі, яе сына шукаюць