Сельвіч атрымаў пакараньне 14 гадоў калёніі, Плешкун — 16.
34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча затрымалі ў сакавіку 2022 году. Беларуская тэлевізія выпусьціла тады сюжэт, зь якога вынікае, што за жыхарамі Мазыра сачылі супрацоўнікі КДБ. У гаражы аднаго з затрыманых Сяргей і Юры абмяркоўвалі магчымасьці перашкодзіць руху расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы. Канчатковае абвінавачаньне ім выставілі паводле сямі артыкулаў:
- ч. 2 арт.295-3 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў);
- ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
- ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»);
- арт. 341 («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»);
- ч. 1 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
- ч. 1 арт. 361 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Згодна з матэрыяламі справы, у пэрыяд са жніўня 2020-га па люты 2022 году Пляшкун і Сельвіч нібыта набылі кампанэнты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх выкарыстаньня.
Таксама іх абвінавацілі ў тым, што ля аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёну Пляшкун і Сельвіч нанесьлі фарбай на плот і знак малюнкі і надпісы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны хацелі дапамагчы спыніць вайну». Што вядома пра сьветлагорскіх «рэйкавых партызанаў», якія атрымалі 66 гадоў калёніі на траіхХто такія Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч
У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі ў сакавіку паказалі кадры зь нейкага памяшканьня, падобнага да гаража. На відэа двое мужчын абмяркоўваюць спосабы таго, як перашкодзіць перасоўваньню расейскай тэхнікі па чыгунцы. Магчыма, увагу спэцслужбаў адзін з затрыманых, Сяргей Пляшкун, прыцягнуў тым, што скінуў відэа з калёнай расейскай тэхнікі ў адзін з «дэструктыўных» каналаў. Пры ператрусе ў затрыманых забралі пустыя бутэлькі, салетру, біту, пнэўматычны пісталет. Сьцьвярджаецца, што абвінавачаныя маглі зрабіць «кактэйлі Молатава».
Адзін з затрыманых, 44-гадовы Юры Сельвіч, жанаты, мае траіх дзяцей. Двое дарослых сыноў на момант затрыманьня Сельвіча былі ў войску, адзін служыў у Мар’інай Горцы пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. Яшчэ ў сям’і выхоўваецца прыёмная дачка, ёй 10 гадоў. Па словах знаёмых, Юры працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі.
«Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, якія былі ў Мазыры пасьля выбараў. Сельвіча двойчы затрымлівалі паводле 23.34, адзін раз былі „суткі“, другі раз штраф. Юры дапамагаў фінансава сваякам палітвязьняў. Ну гаварылі яны нешта, але ж дзеяньняў ніякіх не было», — патлумачыў сябар абвінавачанага.
Сяргей Пляшкун мае жонку і дваіх дзяцей. Адзін сын ходзіць у першую клясу, другому яшчэ няма году. Жонка Плешкуна ў дэкрэтным водпуску.
«Сяргей працаваў гандлёвым агентам. Ён добры муж, бацька і сябар. Сапраўдны, такіх вельмі мала. Ён і Юры ахвяравалі сабой дзеля свабоднай Беларусі», — зазначыла знаёмая затрыманага, таксама жыхарка Мазыра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У яго два сыны цяпер у войску». Што вядома пра мазыранаў, якіх абвінавацілі ў намерах зьнішчаць расейскую тэхнікуКаго яшчэ і якім чынам пакаралі за дывэрсіі і спробы перашкодзіць руху расейскай тэхнікі
У сьнежні 2022 году Гомельскі абласны суд пакараў жыхароў Сьветлагорску, «рэйкавых партызанаў», вялікімі тэрмінамі за пашкоджаньне рэлейнай шафы на чыгунцы. Дзянісу Дзікуну прысудзілі 23 гады зьняволеньня, Дзьмітрыю Равічу — 22 гады, Алегу Малчанаву — 21 год. Усе яны зьвязаныя паміж сабой сваяцкімі сувязямі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы на чыгунцы.
Віталя Мельніка асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады — Барысаў Мельнік падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым прывёў у непрыдатны для эксплюатацыі стан яго прыборы і элемэнты. У выніку гэтага адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры затрыманьні беларусу прастрэлілі каленныя суставы. Дагэтуль ён перасоўваецца на мыліцах.
У гэты момант у Магілёве разглядаецца крымінальная справа бабруйскіх «рэйкавых партызанаў». Дзьмітрыя Клімава, Уладзімера Аўрамцава і Яўгена Мінкевіча вінавацяць у зьнішчэньні дзьвюх рэлейных шафаў сыгнальнай устаноўкі на чыгунцы пад Асіповічамі. Затрымалі маладых людзей у ноч на 30 сакавіка 2022 году. Падчас затрыманьня сілавікі паранілі Ўладзіміра Аўрамцава. Бабруйчан судзяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «акт тэрарызму арганізаванай групай», «здраду дзяржаве», «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу разглядаюць у закрытым рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве судзяць бабруйскіх «рэйкавых партызанаў», аднаго зь іх паранілі падчас затрыманьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Партызаны зрабілі звыш 80 дывэрсій на чыгунцы, каб спыніць рух расейскіх войскаў