У студзені даходы Расеі ад продажу нафты і газу скараціліся на 46% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, паведамляе Мінфін Расеі.
Паводле зьвестак ведамства, нафтагазавыя даходы ў студзені склалі 426 мільярдаў рублёў. Падзеньне Мінфін зьвязаў са зніжэннем цаны на нафту расейскай маркі Urals і скарачэньнем экспарту газу.
У пачатку студзеня агенцтва Bloomberg са спасылкай паведамляла, што нафта гатунку Urals таргуецца на палову сусьветных цэнаў — менш за 38 даляраў за барэль. Гэта нават ніжэй за столь цэнаў у 60 даляраў, якую вызначылі заходнія краіны ў сьнежні ў адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў столь цэнаў на нафтапрадукты з Расеі: 100 даляраў за барэльПа падліках Reuters, у 2022 годзе пастаўкі расейскага газу ў Эўропу скараціліся амаль на 46% у параўнаньні з папярэднім годам і дасягнулі мінімальных значэньняў з 2000 году. Пасьля свайго ўварваньня ва Ўкраіну Расея спыніла пастаўкі газу ў шэраг краін Эўразьвязу, іншыя адмовіліся ад расейскага газу самі. Таксама на зьніжэньне экспарту паўплывалі аварыі на «Паўночных патоках».
Ненафтагазавыя даходы Расеі ў студзені склалі 931 мільярд рублёў, зьнізіўшыся на 28% да студзеня 2022 году. Мінфін Расеі зазначае, што адбылося гэта «пераважна за кошт скарачэньня паступленьняў унутранага ПДВ і падатку на прыбытак».
У той жа час расходы бюджэту ў студзені павялічыліся амаль на 59% і дасягнулі 3,1 трыльёна рублёў. У Мінфіне гэта зьвязваюць з апэратыўным заключэньнем і авансаваньнем кантрактаў.
Такім чынам, дэфіцыт бюджэту Расеі ў студзені склаў 1,76 трыльёна рублёў. Гэта рэкорд з 1998 году, зазначае агенцтва Bloomberg.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7, Эўразьвяз і Аўстралія дамовіліся ўвесьці дзьве «столі цэнаў» на расейскія нафтапрадукты