Праваабаронцы «Вясны» даведаліся дэталі апошніх затрыманьняў у Фаніпалі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 году, пра якія паведамлялі напярэдадні.
Гэта ня першы выпадак аблаваў у горадзе. Апошняя зь іх, як удакладняюць праваабаронцы, адбылася 24 студзеня, агулам затрымалі каля 20 чалавек. Сярод іх — жонка палітвязьня Ігара Пастухова Тацяна, Тацяна Залатар, Мікалай і Натальля Губіны, Максім Самброс, Ладарыя Кузьняцова, людзі з прозьвішчамі Рабчэня, Вайтовіч, Гайдукевіч (іх імёны праваабаронцы не ўдакладнілі).
Мясцовыя жыхары налічылі 15 затрыманых знаёмых, але ў міліцыі сказалі, што затрымана 20 чалавек. На іх завялі крымінальныя справы.
«Адну дзяўчыну затрымалі з грудным дзіцём. Трэба сказаць, што чалавечны ў нас ГУБАЗіК — ня кінулі грудное дзіця адно дома, а прывезьлі з маці ў Дзяржынскі РАУС», — кажуць мясцовыя жыхары.
Паводле мясцовых, жонку аднаго з затрыманых 24 студзеня моцна зьбілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у Баранавічах затрымалі актывіста Мікалая Чарнавуса-малодшагаЧастку затрыманых адразу адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску, а частку пакінулі ў ІЧУ Дзяржынскага РАУС. Жанчынам абралі меры стрыманьня, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі: іх вызвалілі з падпіскамі аб нявыезьдзе, паручальніцтвамі, пад заклад, адзначаюць праваабаронцы.
«У нас сядзелі, як і ўсюды сядзяць: ні пасьцельнай бялізны, ні матрасаў. У нашым ІЧУ няма гарачай вады — толькі халодная. Натуральна, ніякага душа. Шпацыраў у нашым ІЧУ у нас ніколі не было», — кажуць мясцовыя пра ўмовы ўтрыманьня.
Жыхары Фаніпаля распавядаюць, што ў мясцовым тэлеграм-чаце супрацоўнікі міліцыі заклікаюць мясцовых пісаць яўкі з павіннай.
Як сьцьвярджаюць мясцовыя, супрацоўнікі ГУБАЗіКа працягваюць ідэнтыфікаваць людзей па відэа, якое зафіксавала мітынг 12 жніўня 2020 году. На яго патрапіў увесь натоўп — больш за 600 чалавек.
«Раён застаецца пратэставым дагэтуль: сьцяжкі на дрэвах, пікеты і г.д. Перад Новым годам сабралі больш за 2 000 рублёў на падарункі дзецям палітвязьняў. Мы нават заданацілі 200 даляраў на полк Каліноўскага, а тыя ў адказ ад Койданава снарад падпісалі», — адзначаюць жыхары Фаніпаля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 лютага: затрымалі аўтара мэмаў на тэлеграм-канале «Па-беларуску»