Супраць палітзьняволенай 65-гадовай Алены Гнаўк завялі новую крымінальную справу

Алена Гнаўк

Палітзьняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаук 15 жніўня перавялі ў папраўчую калёнію № 4. Нядаўна жанчыну зьмясьцілі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) да 24 лютага.

Акрамя гэтага, яе пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканьняў і скарацілі атаварку з 3 базавых велічыняў да 1 (32 рублі). Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Цяпер стала вядома, што на ініцыятыву адміністрацыі гомельскай калёніі супраць Алены завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

Алену Гнаўк асудзілі на 3,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 3200 рублёў. Гнаўк прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу.

З 2020 году Алену мэтанакіравана перасьледавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, аштрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі ў «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў вырак пэнсіянэрцы Алене Гнаўк
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 65-гадовай актывістцы Алене Гнаўк прысудзілі 3,5 года калёніі за «паклёп на Лукашэнку»