У пошуках зброі для Ўкраіны NATO зьвярнулася да краін Далёкага Ўсходу

Енс Столтэнбэрг

Паўднёвая Карэя і Японія ўжо перадалі Кіеву нелятальны рыштунак, але прамыя пастаўкі зброі стрымліваюцца прававымі і палітычнымі абмежаваньнямі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас паездкі ў Сэул і Токіё на гэтым тыдні заклікаў Паўднёвую Карэю і Японію надаць Украіне дадатковую ваенную дапамогу, па прыкладзе эўрапейскіх краін.

«Пасьля жорсткага ўварваньня ва Ўкраіну гэтыя краіны зьмянілі сваю палітыку, — сказаў Столтэнбэрг у Сэуле, яго цытуе «Голас Амэрыкі». — Калі вы ня хочаце, каб аўтакратыя і тыранія перамаглі, то ёй патрэбна зброя. Такая рэальнасьць».

Да мінулага году многія краіны Заходняй Эўропы прытрымліваліся палітыкі, якая забараняе адпраўляць зброю ў зоны ваенных дзеяньняў. Усё зьмяніла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Найбольш прыкметнаю стала зьмена курсу Нямеччыны, Швэцыі і Нарвэгіі.

Але ні Паўднёвая Карэя, ні Японія пакуль не выказвалі намераў зьмяніць сваю палітыку ў адносінах да Ўкраіны. Яны перадавалі толькі нелятальны вайсковы рыштунак, уключаючы бронекамізэлькі і каскі. Ніводная з гэтых краін не адпраўляла зброю непасрэдна ва Ўкраіну, збольшага з прычыны тых жа прававых абмежаваньняў, якія стрымліваюць некаторыя эўрапейскія краіны.

Паўднёвая Карэя толькі ўскосна падтрымлівала ваенныя намаганьні Ўкраіны. Замест перадачы зброі Кіеву Сэул ухваліў продаж зброі паўднёвакарэйскай вытворчасьці краінам, якія забясьпечваюць украінскіх вайскоўцаў сваёй зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз надаў Украіне ваенную дапамогу на 12 млрд эўра

Так, Польшча, буйны пастаўшчык зброі Ўкраіне, у мінулым годзе пагадзілася закупіць паўднёвакарэйскую зброю на суму 5,8 мільярда даляраў, уключаючы танкі, гаўбіцы і боепрыпасы. Паўднёвакарэйскія кампаніі заключылі больш сьціплыя ўгоды з Эстоніяй і Нарвэгіяй і вядуць аналягічныя перамовы з ЗША і Канадай.

«Усё гэта выкарыстоўваецца для замены старой зброі, якую гэтыя краіны адпраўляюць ва Ўкраіну. Ёсьць дакладныя паведамленьні, што частка гэтай зброі будзе накіравана ва Ўкраіну ці ўжо ідзе туды», — заявіў спэцыяліст па Карэі ў Каралеўскім каледжы ў Лёндане Рамон Пачэка Пардо.

На сустрэчы з Столтэнбэргам прэзыдэнт Паўднёвай Карэі згадаў аб «магчымым удзеле ў дапамозе ўкраінскаму народу ў супрацоўніцтве зь міжнароднай супольнасьцю», але ня стаў паглыбляцца ў дэталі. Некаторыя замежныя СМІ ўбачылі ў гэтых камэнтарах прыкмету гатоўнасьці Сэула зьмяніць сваю пазыцыю. Аднак экспэрты не чакаюць сурʼёзных зьменаў у пазыцыі Паўднёвай Карэі бліжэйшым часам, улічваючы цесныя эканамічныя сувязі Сэула з Расеяй і ўплыў Масквы на Паўночную Карэю.

Паводле аналітыкаў, шанцаў на тое, што Японія накіруе зброю Ўкраіне, яшчэ менш. Хоць Японія паступова здымае свае пацыфісцкія абмежаваньні, яе прававыя нормы ў дачыненьні да экспарту зброі, мяркуючы па ўсім, яшчэ менш гнуткія, чым у Паўднёвай Карэі.

Нягледзячы на гэтыя барʼеры, Японія стала адной з самых адданых прыхільніц Украіны. Яна хутка далучылася да заходніх санкцый супраць Расеі, накіравала Ўкраіне і яе суседзям больш за мільярд даляраў у выглядзе фінансавай і гуманітарнай дапамогі і паставіла Ўкраіне нелятальнае вайсковае абсталяваньне, што яшчэ зусім нядаўна было неймаверна. Цяпер склалася сытуацыя, калі ўкраінскія салдаты на лініі фронту носяць японскія каскі Type 88 і выкарыстоўваюць японскія бесьпілётнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі канцэрн Rheinmetall можа паставіць ва Ўкраіну 139 танкаў «Леапард»