Нямецкі канцэрн Rheinmetall можа пры неабходнасьці паставіць Украіне 139 баявых танкаў «Леапард» (Leopard), паведаміў медыягрупе RND прадстаўнік кампаніі.
Нямеччына адчувае моцны ціск з боку Украіны і некаторых саюзьнікаў па NATA, у тым ліку Польшчы, з патрабаваньнем дазволіць пастаўку Кіеву танкаў «Леапард-2» нямецкай вытворчасьці для абароны ад расейскага ўварваньня.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц да гэтага часу не прыняў рашэньне аб пастаўцы танкаў або выдачы дазволу на гэта іншым краінам NATA.
Вытворца Rheinmetall можа паставіць 29 танкаў Leopard 2A4 да красавіка-траўня і яшчэ 22 танка той жа мадэлі прыкладна ў канцы 2023 ці пачатку 2024 года, паведаміў прадстаўнік кампаніі.
Вытворца таксама можа паставіць ва Ўкраіну 88 больш старых танкаў Leopard 1, сказала крыніца, не называючы тэрмінаў патэнцыйнай пастаўкі.