Эўразьвяз на гадавіну пачатку вайны ўвядзе 10-ы пакет санкцый супраць Расеі

Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, 2 лютага 2023 году

Апроч таго, Эўразьвяз удвая больш падрыхтуе ўкраінскіх вайскоўцаў і выдзеліць грошы на разьмінаваньне.

Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што да 24 лютага, да гадавіны пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, у дзеяньне будзе ўведзены 10-ы пакет санкцыйных захадаў супраць Расеі.

«Мы з нашымі партнэрамі па G7 абмяжуем цану на расейскія нафтапрадукты, і да 24 лютага, роўна праз год пасьля пачатку ўварваньня, мы маем мэту ўвесьці ў дзеяньне дзясяты пакет санкцый», — заявіла Ўрзуля фон дэр Ляен на супольнай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 2 лютага.

Прэзыдэнтка Эўракамісіі дадала, што адначасова абмяркоўваецца мэханізм, каб прымусіць Расею кампэнсаваць Украіне страты, панесеныя ў выніку расейскай агрэсіі.

Расказваючы пра дзясяты пакет санкцый, Урзуля фон дэр Ляен увогуле не згадала Беларусь.

У той жа час карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter, што ўсярэдзіне Эўразьвязу няма прагрэсу наконт санкцый супраць Беларусі і перагляду абмежаваньня цэнаў на расейскую нафту.

«Новыя сустрэчы заплянаваныя на пятніцу і нядзелю», — напісаў журналіст.

У сваю чаргу, Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Расея вельмі хутка адаптуецца да санкцый, таму неабходна зрабіць так, каб абыходзіць санкцыі стала немагчыма. І гэта, паводле яго, — агульнае заданьне Ўкраіны і Эўразьвязу.

«Цяпер мы бачым, што санкцыйны тэмп Эўропы крыху запаволіўся. Дзяржава-тэрарыстка, наадварот, павялічвае тэмп адаптацыі да санкцый. І гэта трэба выправіць. Мы верым, што мы гэта з вамі зможам», — сказаў Уладзімір Зяленскі, зьвяртаючыся да Ўрзулі фон дэр Ляен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеў на саміт прыбыло кіраўніцтва і амаль поўны склад Эўракамісіі. Украіна хоча пачаць перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз

Эўразьвяз мабілізаваў амаль 50 мільярдаў эўра на дапамогу Ўкраіне

Камісар у Эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Олівэр Вархеі на супольным пасяджэньні з украінскім урадам паведаміў, што Эўразьвяз гатовы ўнесьці зьмены ў даваенны эканамічны плян фінансавай дапамогі Ўкраіне, а таксама далучыцца да яе аднаўленьня.

«На сёньня як Эўразьвяз разам з краінамі-сябрамі мы мабілізавалі 49,5 мільярда эўра на падтрымку Ўкраіны», — паведаміў ён.

Паводле яго, важную ролю ў дапамозе павінна адыграць фінансавая каардынацыйная плятформа, так званы «фінансавы Рамштайн».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча хоча далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу «за некалькі гадоў», але ёсьць умова

ЭЗ падрыхтуе ўдвая больш украінскіх вайскоўцаў і выдзеліць грошы на разьмінаваньне

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў, што Эўразьвяз дадаткова падрыхтуе яшчэ 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў. «Расея вярнула вайну ў Эўропу, але Ўкраіна працягвае супраціў. Рады паведаміць прэм’ер-міністру Дзянісу Шмыгалю, што Місія вайсковай дапамогі ЭЗ (European Union Military Assistance Mission) навучыць дадаткова 15 тысяч украінскіх жаўнераў, у выніку чаго агульная колькасьць пэрсаналу, які пройдзе навучаньне, дасягне 30 тысяч асобаў», — напісаў Жузэп Бурэль на сваёй старонцы ў Twitter.

У прыватнасьці, украінцаў будуць навучаць, як эксплюатаваць эўрапейскую бранятэхніку, уключна з танкамі «Leopard 2», якія краіны ЭЗ найбліжэйшым часам перададуць Украіне.

Жузэп Бурэль таксама паведаміў, што Эўразьвяз выдзеліць 25 мільёнаў эўра на абясшкоджваньне мінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расплата за вайну і палітычны тэрор. Чаму Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.