«У абвінавачаньні напісалі, што ў верасьні я перакрываў рух у жніўні»
Даніла Ганчароў жыў у Менску. Ён скончыў магістратуру біяфаку БДУ. Але працаваў не па спэцыяльнасьці, а мастаком па сьвятле ў Новым драматычным тэатры. Улетку і ўвосень 2020-га Даніла ўдзельнічаў у ініцыятыве «Честные люди», падтрымаў страйк у тэатры. У сакавіку 2021 году Данілу затрымалі за адзіночны пікет. Далі 15 сутак. Потым распачалі крымінальную справу за ўдзел у маршах пратэсту. У ліпені 2021 году суд пакараў мастака пазбаўленьнем волі на два гады.
«Доказы? Напрыклад, у абвінавачаньні напісалі, што я ў верасьні перакрываў рух транспарту ў жніўні. Я ўказваў сьледчаму на тое, што ня маю здольнасьці перамяшчэньня ў часе. Але абвінавачаньне нават не выправілі. Яно так і пайшло ў суд. Яны не пераймаюцца за такія „недакладнасьці“. Ці цытавалі маю перапіску з чалавекам, дзе я сьцьвярджаю, што экстрэмісцкія паводзіны для нас непрымальныя. Але ягоныя адказы, „экстрэмісцкія“, прыпісваюць мне», — кажа Даніла.
«На Валадарцы трэба прымаць іх правілы паводзінаў»
Былы палітзьняволены гаворыць, што на закрытым судзе не было ані сьведак, ані пацярпелых. «Але нікога не хвалюе гэта. Вырашылі пасадзіць, то так і будзе. Фармальна зачапіліся за здымкі ў тэлефоне і СМІ. Хоць я не буяніў, не перакрываў рух транспарту», — расказвае былы вязень.
У СІЗА на Валадарскага ён сустракаў розных людзей. «Больш за ўсіх на той момант было „наркаманаў“, то бок тых, хто сядзеў паводле артыкулу 328. Пасьля ішлі палітычныя і розныя махляры. Шэрыя схемы ці нявыплата падаткаў. Ну і 10% — іншыя зьняволеныя. Не скажу, што надта было там добра. Але ў рэтраспэктыве Валадарка ў параўнаньні з калёніяй проста рай. Толькі для таго, каб „нармальна“ сядзець, трэба было прымаць іх правілы гульні. Напрыклад, нехта паскардзіўся, што кубкі не падабаюцца. Ну выдалі алюмініевыя. Ці нехта напісаў на свабоду, што за шакалядку можна схадзіць у душ. І гэтая магчымасьць зьнікла», — кажа былы вязень.
Даніла зазначае, што на «Валадарцы» добрая бібліятэка. Там ёсьць шмат кніг, у тым ліку і на ангельскай мове, і па праграмаваньні, і сусьветная клясыка. «Калі не загоніш сам сябе ў дэпрэсіўны стан, то там, у прынцыпе, нічога», — дадаў беларус.
«У калёніі будзе кепска, калі ты ці твае блізкія будуць пісаць скаргі ці нешта выйдзе ў СМІ»
У калёніі № 17 у Шклове Даніла, як і іншыя палітычныя, насіў жоўтую бірку і быў на прафіляктычным уліку. Гэта азначае пільную ўвагу з боку адміністрацыі, апэратыўных супрацоўнікаў. Таксама больш праверак і спагнаньняў.
«Быў такі эпізод, што мы спазьніліся. Праўда, гэтае спазьненьне было справакаванае адміністрацыяй. Але я ў тлумачальнай напісаў, што так, я спазьніўся. Іншыя пачалі выкручвацца. Іх пакаралі. Да мяне паставіліся ляяльна. Змагацца ў калёніі, на іхнай тэрыторыі? Хіба толькі прыняць правілы гульні. Інакш атрымаеш новы тэрмін за „непадпарадкаваньне“. Калі сваякі надта клапоцяцца за вязьня, пішуць скаргі, падымаюць пытаньні ў СМІ, то яны робяць толькі горш асуджанаму. Такі прыклад. У СМІ выйшла, што асуджаны выйшаў з калёніі пасьля ШЫЗА. І адміністрацыя вырашыла ўсіх палітычных перад вызваленьнем садзіць у ШЫЗА. Каб, відаць, словы не разыходзіліся са справай», — мяркуе Даніла.
Ён са сваіх назіраньняў прыйшоў да высновы, што нейкай пэўнай сыстэмы ў пакараньнях там няма. «Адны людзі ладзяць цэлыя дэбаты аб, скажам, сытуацыі ва Ўкраіне, і ім за гэта нічога. Іншы тры словы скажа — і яго кідаюць у ШЫЗА. Але каля 40%, па маіх назіраньнях, займаюць пазыцыю на баку Расеі. Прапаганда сваю справу робіць. Прычым не беларуская прапаганда. Тую ніхто не глядзіць, нават супрацоўнікі плююцца ад яе. Усе глядзяць расейскую прапаганду. І бачу, што яна мае значны ўплыў на сьветапогляд людзей. Зь беларускіх навін глядзелі хіба тое, што тычылася амністыі», — успамінае былы вязень.
«Нават сярод „палітычных“ ёсьць тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй»
Даніла кажа, што ня ўсе «палітычныя» зьяўляюцца такімі насамрэч.
«Бо вельмі шмат выпадковых людзей. Тыя, якія ня ведаюць гісторыі Беларусі, не валодаюць сытуацыяй, не разьбіраюцца ў нейкіх працэсах. Але ці вось сапраўды „міма праходзілі“ і так трапілі ў жорны сыстэмы, ці нешта, не падумаўшы, напісалі ў інтэрнэце. Яны прыяжджаюць у калёнію і шчыра не разумеюць, за што іх пасадзілі. Мне асабіста вельмі шкада і балюча, калі гэта маладыя хлопцы. Мне балюча, што іхная маладосьць пройдзе ў гэтых сьценах і яны нават не разумеюць за што іх пакаралі. Шкада, што ўлада такое робіць з маладымі людзьмі», — кажа былы палітзьняволены.
Ён заўважыў, што нават «палітычныя» могуць супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Напрыклад, даносіць «опэру».
«Мы пры такіх падазрэньнях прыбіралі іх са сваёй суполкі. І бачылі, што гэта дзейнічае — менш інфармацыі ішло да „опэра“. Ёсьць такія „палітычныя“, выпадковыя людзі, якія гаварылі, што ў Сьвятланы Ціханоўскай была праграма па зьнішчэньні расейскай мовы. Ці людзі, якія прытрымліваліся прарасейскай пазыцыі. Гэта гаворыць пра тое, што ўлада брала ня толькі тых, хто меў дачыненьне да палітычных працэсаў, а тых, да каго ў яе дацягнуліся рукі», — кажа Даніла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля вызваленьня я не адчуў сябе свабодным». Гутарка з былым палітвязьнем пра зьдзекі ў калёніі«Шылі вайсковую форму»
У калёніі Даніла працаваў на швейнай вытворчасьці. Кажа, што зарабляў «добра па мерках калёніі». Гэта 15-20 рублёў.
«Мы шылі вайсковую форму, для беларускіх вайскоўцаў. І пасьцельную бялізну. Мяркуючы па маркіроўцы на тканіне „ВС РФ“, гэтая бялізна магла вырабляцца на заказ РФ. Але я не магу сказаць, што „шылі на фронт“. Бо і раней, наколькі я ведаю, калёнія выконвала швейныя замовы для Расеі. Праца мне падабалася, шчыра кажучы», — зазначыў былы вязень.
Ён, як і многія вязьні, сутыкнуўся з праблемамі з зубамі. «Здароўе там псуецца. І часта першымі „ляцяць“ зубы. Я нават як біёляг не скажу, з чым гэта зьвязана. У прынцыпе, у краме можна купіць тварог, а сваякі прысылаюць вязьням вітаміны. Харчаваньне там так сабе, але есьці можна. Давалі яйкі. Капуста хай сабе была і нясмачная, але прыгатаваная так, каб ня страчвала свае карысныя якасьці», — дзеліцца Даніла.
Былы палітвязень расказвае, за што трапляў у ШЫЗА. «Гэта лёгка. Стаяць у цябе за сьпінай непрыкметна некалькі хвілін. Потым абвінавацяць, што не павітаўся. У мяне так было. Ці стануць за сьпінай і чакаюць, пакуль ты пераапранесься. Потым заявяць: „Чаму ты не па форме?“ Фармальных падстаў дастаткова, каб кінуць на ШЫЗА. Але насамрэч садзяць у ШЫЗА не за тое. Напрыклад, быў данос „опэру“ на цябе. Але цябе пасадзяць не за размовы, пра якія данесьлі, а за тое, што не павітаўся, не пагаліўся ці яшчэ што», — кажа былы зьняволены.
Перанесьці цяжкія часы яму дапамаглі родныя, сябры. Да лютага 2022 году Даніла, як і многія вязьні, атрымліваў лісты «не ад сваякоў». Пасьля лютага такое ліставаньне цалкам спынілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шылі вайсковую форму для расейцаў», — былы палітвязень пра жыцьцё ў калёніі пад Віцебскам«Шчыра верыў, што беларускае грамадзтва аб’яднаецца»
Даніла кажа, што ў калёніі жыў верай, што беларускае грамадзтва будзе ўзмацняцца прапарцыйна ціску ўладаў і росту рэпрэсій. «Верыў шчыра, што беларускае грамадзтва аб’яднаецца. Верыў, што выйду і ўбачу сапраўдную барацьбу супраць расейскай агрэсіі. Але выйшаў — і ружовыя акуляры спалі зь мяне вельмі хутка. Высьветліў, што ў Варшаве цяпер маіх сяброў і знаёмых больш, чым у Менску. Паразмаўляў з тымі, хто ў Менску, і ў мяне нарадзіўся сумнеў наконт еднасьці нашага грамадзтва. Паразмаўляў не са сваім атачэньнем, для статыстыкі. І быў засмучаны. Я разумею, што дэмакратычная супольнасьць мусіць падтрымліваць плюралізм думак. Але тое, што я бачу, — гэта не плюралізм. Гэта неасэнсаваньне таго, што адбываецца, і неразуменьне месца Беларусі і беларусаў ва ўсім гэтым. Тая вывучаная бездапаможнасьць, якая была скінутая ў 2020 годзе намі, вярнулася і пануе», — разважае былы вязень.
Даніла, хоць меў забарону на выезд, вырашыў выехаць. Зрабіў гэта нелегальна. Цяпер ён у Варшаве і шукае працу.
«У Менску ў тэатар ці ўзялі б мяне? У навуковую дзейнасьць? Прыватны сэктар тэатру яны зьнішчылі. Мне намякалі, што я быццам мала адсядзеў. Але я не лічу, што такая мая ахвяра цяпер патрэбная. Я не хачу паўтараць гэты досьвед. Нават ворага, мусіць, не накіраваў бы туды. Калі цябе пільнуюць, за табой сочаць, бо я ж на ўліку — якой дзейнасьцю я мог бы займацца ўнутры краіны?», — кажа былы зьняволены.
Ён мяркуе, што беларуская дыяспара ў Польшчы «не выкарыстоўвае на 100% свой патэнцыял».
«Мы маглі бы стварыць цудоўную краіну ў выгнаньні. Карані пускаць тут я не зьбіраюся. Але і не хачу трапіць у пастку эмігранта, што „вось-вось паеду дахаты“. Пакуль шукаю працу і бачу, што беларуская тэатральная супольнасьць у Польшчы патрабуе разьвіцьця. Можа, і я да гэтага прычынюся», — дадаў Даніла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпісы вайсковаабавязаных, праца без выходных, забарона на лісты. «Вясна» пра сытуацыю ў гомельскай жаночай калёніі