Дырэктару газэты «Белорусы и рынок» выставілі абвінавачаньні паводле некалькіх крымінальных артыкулаў

Канстанцін Залатых

Мэдыямэнэджару Канстанціну Залатых выставілі афіцыйнае абвінавачваньне, ён чакае суду. Але колькі гадоў турмы яму пагражае, невядома.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), 31 студзеня дырэктару недзяржаўнай газэты «Белорусы и рынок» Канстанціну Залатых, які 8,5 месяца знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, патлумачылі сутнасьць абвінавачаньняў.

«На гэты момант вядома толькі тое, што Канстанціну Залатых выставілі цэлы шэраг сур’ёзных крымінальных артыкулаў, на падставе аднаго зь іх мэдыямэнэджара мінулай вясной і затрымалі нібыта за „распальваньне варожасьці“ (арт. 130 Крымінальнага кодэксу), — гаворыцца ў паведамленьні. — Неўзабаве справу Канстанціна Залатых перададуць пракурору для далейшага накіраваньня ў суд. Да заканчэньня працэсу фігурант будзе заставацца ў менскім СІЗА № 1».

У Беларусі адвакаты палітвязьняў пад пагрозай пазбаўленьня ліцэнзіі зьвязаныя жорсткімі ўмовамі невыдаваньня «тайны сьледзтва», таму ад усялякіх камэнтароў устрымліваюцца.

18 траўня 2022 года КДБ затрымаў дырэктара «БР» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгальтарку Юлію Кахно. Александровіча і Кахно ў той жа дзень адпусьцілі, Залатых зьмясьцілі ў СІЗА. Сутнасьць прэтэнзій да яго незразумелая, але, паводле інфармацыі БАЖ, папярэдне яго затрымлівалі ў рамках крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці).

Праваабаронцы прызналі Залатых палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі разблякавала сайт газэты «Белорусы и рынок»

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту «БР» (belmarket.by) «з прычыны распаўсюду на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, якія прызнаны судом экстрэмісцкімі». Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім ужо абнаўляўся толькі разьдзел навін.

Першага сьнежня Міністэрства інфармацыі ануляваў рэгістрацыю друкаванага выданьня, якое выходзіла 32 гады. Разам з тым 22 сьнежня інфармацыйны рэгулятар разблякаваў сайт «БР» у сувязі з «устанаўленьнем факту адсутнасьці парушэньня заканадаўчых актаў». Кампанія «Мэдыярынак», якая выдавала штомесячнік, зьвязала гэта з тым, што рэдакцыя самастойна заблякавала «значную частку кантэнту», перш за ўсё публікацыі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Газэта «Белорусы и рынок» заснаваная ў сьнежні 1990 году як штотыднёвік «Белорусский рынок». Цяперашнюю назву атрымала ў верасьні 2005 году пасьля ўказу Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах па ўпарадкаваньні выкарыстаньня слоў «нацыянальны» і «беларускі». Апошнія два гады выходзіла ў фармаце штомесячніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі асуджанага журналіста Сацука заявілі, што ў яго пагоршылася здароўе, у СІЗА яму не даюць патрэбных лекаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіста Дзяніса Івашына этапавалі ў магілёўскую калёнію