Белстат апублікаваў статыстыку па ўсіх рэгіёнах Беларусі з дадзенымі пра заробкі і пазыкі. Мы паглядзелі, дзе ў Беларусі зарабляюць найменш, а дзе найбольш.
Шаркаўшчына — самы нізкі заробак і мільённыя крэдыты
Сярэдні месячны заробак па выніках гэтага году на Шаркаўшчыне Віцебскай вобласьці — 1005 рублёў 5 капеек (383 даляры). Гэта самы нізкі сярэдні заробак з усіх рэгіёнаў Беларусі. Самы нізкі заробак па краіне ў Шаркаўшчынскім раёне ўжо трэці год запар.
У 2021 годзе ён складаў 776 рублёў, або 319 даляраў па тагачасным курсе.
Атрымліваецца, што за тры гады ён вырас на 64 даляры. Усе арганізацыі раёну маюць 8,4 мільёна рублёў пратэрмінаваных даўгоў. Па гэтых крэдытах не разьлічыліся ў час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі будзе прызначаць сваіх кіраўнікоў у кампаніі з замежным капіталам. Разьбіраемся з экспэртам, што гэта азначаеЗа студзень — лістапад мінулага году чысты прыбытак арганізацый раёну склаў 2,7 мільёна рублёў, але рэнтабэльнасьць продажаў — мінус 5,1%. Гэта значыць, арганізацыі прадавалі сваю прадукцыю ў мінус.
Аснова эканомікі раёну — сельская гаспадарка. Тут працуе Шаркаўшчынскі кансэрвавы завод — філіял «Полацкай унівэрсальнай базы», ён выпускае пладовыя віны.
Кармянскі раён — 19 мільёнаў рублёў пратэрмінаваных даўгоў
Сярэдні заробак у Кармянскім раёне Гомельскай вобласьці за мінулы год — 1007 рублёў 6 капеек (384 даляры). Арганізацыі раёну за студзень-лістапад мінулага году спрацавалі з чыстым прыбыткам у 2,2 мільёна рублёў. Аднак пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый — 18,9 мільёна рублёў. Гэта ў 8,5 раза больш, чым прыбытак за 2022 год. За мінулы год у раён ня ўклаўся ніводны замежны інвэстар.
У Карме працуе другі філіял «Рэчыцкі тэкстыль», хлебны завод і «Кармянскі ільнозавод», таксама тут працуюць сем сельскагаспадарчых арганізацый. Летась і пазалетась Кармянскі раён таксама быў у антырэйтынгу па сярэднім заробку на другім месцы.
Хоцімскі раён — за год рэальны заробак упаў на 3,7%
Сярэдні заробак за мінулы год у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласьці — 1036 рублёў 8 капеек (395 даляраў). За год, то бок з 2021 па 2022 год, рэальныя заробкі з папраўкай на інфляцыю зьнізіліся тут на 3,7%.
У арганізацый раёну 19,2 мільёна рублёў пратэрмінаваных крэдытаў. За год пратэрмінаваная запазычанасьць вырасла на 6,2 мільёна рублёў.
На тэрыторыі раёну працуе Хоцімскі ільнозавод, а таксама 6 сельскагаспадарчых арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вяртаецца збор за перасячэньне мяжы, дадуць больш грошай на пахаваньне. Што мяняецца ў Беларусі з 1 лютагаСлаўгарадзкі раён — 13,3% арганізацый раёну стратныя
Сярэдні заробак у Слаўгарадзкім раёне летась — 1045 рублёў (398 даляраў). Арганізацыі раёну маюць 16,8 мільёна рублёў пратэрмінаваных крэдытаў. За леташнія студзень — лістапад усе арганізацыі раёну мелі прыбытак 5,4 мільёна рублёў.
За год у раёне — нулявыя замежныя інвэстыцыі, то бок ніхто з замежнікаў сюды не ўкладаўся.
З прамысловасьці — у Слаўгарадзкім раёне працуе філіял «Бабушкина крынка». У астатнім гэта збольшага сельскагаспадарчы рэгіён.
Мсьціслаўскі раён — 34 мільёны рублёў пратэрмінаваных даўгоў
У Мсьціслаўскім раёне сярэдні заробак за мінулы год склаў 1047,5 рубля (399 даляраў). У раён летась укладаліся замежныя інвэстары, агулам інвэстыцыі склалі 254,3 тысячы даляраў. У арганізацый Мсьціслаўшчыны 34,5 мільёна рублёў пратэрмінаванай запазычанасьці. 5,2 мільёна рублёў раён вінен толькі за паліўныя рэсурсы.
Чысты прыбытак усіх арганізацый гэтага рэгіёну за год — 2,9 мільёна рублёў. У раёне працуе вытворчасьць малака, лёну і хлебабулачных вырабаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мікалаеўскай вобласьці канфіскавалі маёмасьць дзьвюх дарожна-будаўнічых кампаній Беларусі, якія з прычыны вайны страцілі кантрактыРаёны з самымі высокімі заробкамі
Традыцыйна, з году ў год самыя вялікія сярэднія заробкі ў беларускай сталіцы — Менску. Па выніках мінулага году сярэдні менскі заробак — 2299 рублёў (877 даляраў). Гэта на 41% больш, чым агулам па Менскай вобласьці. Аднак за год сталічны заробак у рэальным вымярэньні ўпаў на 3,2%.
Таксама ў Менску 215 мільёнаў рублёў пратэрмінаваных даўгоў.
Самы багаты раён па сярэдніх заробках — Салігорскі, сярэдні заробак тут летась — 2031 рубель (755 даляраў). Такі вынік тлумачыцца высокімі заробкамі супрацоўнікаў «Беларускалію», што адбіваецца на сярэднім заробку па ўсім раёне.
Чысты прыбытак усіх арганізацый Салігоршчыны за студзень — лістапад мінулага году — больш за мільярд рублёў. Рэгіён мае і даўгі — 172 мільёна рублёў пратэрмінаваных запазычанасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Летась у Польшчы адкрылі 1745 новых кампаній зь беларускім капіталам, і гэта рэкордУ Менскім раёне за мінулы год сярэдні заробак склаў 1958,9 рубля (747 даляраў). 16,8% арганізацый Менскага раёну стратныя, ёсьць даўгі на 315 мільёнаў рублёў.
На трэцім месцы — Астравецкі раён, дзе сярэдні заробак склаў летась 1924 рублі 6 капеек (734 даляры). Такія сярэднія заробкі тлумачацца тым, што тут працуе Астравецкая АЭС, дзе заробкі вышэйшыя за сярэднія па Беларусі.
На чацьвёртым месцы ў рэйтынгу самых высокіх заробкаў сярод раёнаў — Рэчыцкі, летась у сярэднім тут зараблялі 1817 рублёў (693 даляры) на месяц. І апошні ў рэйтынгу — Дзяржынскі раён зь сярэднім заробкам 1733 рублі на месяц. У Дзяржынскім раёне сканцэнтравана шмат вытворчых і лягістычных цэнтраў, бо гэты раён блізкі да сталіцы.