Ва Ўкраіне адбылася рэканструкцыя падзей амаль 600-гадовай даўніны, калі ў Луцкі замак з ініцыятывы князя Вялікага Княства Літоўскага Вітаўта прыехалі эўрапейскія манархі, каб вырашыць пытаньне асманскай пагрозы Эўропе і падрыхтавацца да каранацыі Вітаўта.
У матэрыяле, прадэманстраваным у рамках усеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, гэтыя падзеі параўноўваюцца зь цяперашняй сытуацыяй у Эўропе і неабходнасьцю аб’яднаньня міжнароднай супольнасьці для спыненьня расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«Такі пэрформанс зладзілі напярэдадні саміту „Украіна—ЭЗ“. Паводле задумы арганізатараў, гэта своеасаблівае пасланьне да сучасных эўрапейскіх лідэраў, які маюць сустрэцца ў Кіеве», — адзначаецца ў рэпартажы.
Пасьля аповеду пра вялікую колькасьць вядомых і шаноўных гасьцей, іх аховы і суправаджаючых сьвятароў аўтарка ўдакладніла, што «цягам некалькіх тыдняў на зьезьдзе вырашалі дзясяткі пытаньняў — і палітычных, і рэлігійных, і гандлёвых».
«Адно з ключавых заданьняў — аб’яднацца супраць агульнага ворага, які пагражаў з поўдня. І праз сотні гадоў гісторыя паўтараецца, сьцьвярджаюць навукоўцы: над Эўропай зноў варожая пагроза, цяпер з поўначы, і значна больш подлая» — гаворыцца ў сюжэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Гедзімін, Альгерд, Кейстут і іншыя князі не атрымалі кароны, хоць і магліЗьезд эўрапейскіх манархаў адбыўся ў студзені 1429 году ў горадзе Луцку з ініцыятывы вялікага князя літоўскага Вітаўта.
Зьезд быў скліканы зь ведама і згоды вугорскага, нямецкага і чэскага каралёў, імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонта для вырашэньня шэрагу палітычных і эканамічных пытаньняў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. На ініцыяванай ім сустрэчы Вітаўт плянаваў вырашыць пытаньне асманскай пагрозы Эўропе і, пры нагодзе, пытаньне ўласнай каранацыі на караля Літвы, пра што ён вёў дыпляматычную перапіску з Жыгімонтам Люксэмбурскім з 1428 году. Аднак каранацыі не адбылося — князь Вітаўт праз год памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць магілы Ўсяслава Чарадзея, Вітаўта, Скарыны і іншых легендарных беларусаўЗьезд эўрапейскіх манархаў быў значнай падзеяй у гісторыі сярэднявечнага Луцку, хоць з прычыны спрэчак паміж яго асноўнымі ўдзельнікамі ён ня меў істотнага ўплыву на палітычнае жыцьцё тагачаснай Эўропы.