Затрымалі чатырох работнікаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба»
Як паведаміла крыніца выданьня «Флагшток», прычынай затрыманьняў, якія адбыліся 1 лютага, стала тое, што работнікі прадпрыемства з працоўных кампутараў наведвалі інтэрнэт-рэсурсы, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі».
Зноў судзяць Ціханоўскага
Нядаўна стала вядома пра новую крымінальную справу супраць палітвязьня Сяргея Ціханоўскага паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі турмы). Паводле сьледзтва, палітвязень падчас адбыцьця тэрміну нібыта «сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».
Справу яго пачнуць разглядаць 14 лютага ў судзе Жодзіна, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». Працэс будзе весьці судзьдзя Іван Грынкевіч.
Раней палітвязьню, асуджанаму на 18 гадоў калёніі, у жніўні ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго зьмяшчалі ў ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньнюПрызначылі суд за «агентурную дзейнасьць»
Таксама 14 лютага ў Гомельскім абласным судзе распачнецца суд над грамадзянінам Украіны Паўлам Купрыенкам і жыхарамі Гомельшчыны Дзьмітрыем Салавянчыкам і Тарасам Мачынскім. У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- арт. 358-1 («агентурная дзейнасьць»),
- ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»),
- ч. 1 арт. 405 («пакрывальніцтва злачынстваў»).
Справу будзе разглядаць судзьдзя Руслан Царук. Працэс пакуль адкрыты.
КДБ спатрэбілася толькі 3 месяцы, каб расьсьледаваць гэтую справу і перадаць яе ў суд, адзначаюць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці двум украінцам прысудзілі зьняволеньне за «агентурную дзейнасьць» для СБУУ Бабруйску мужчыну асудзілі на 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі
У судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску асудзілі Анатоля Цепцікава паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэксу.
Судзьдзя Антон Дудуль прызначыў Анатолю 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мужчыну затрымалі 25 кастрычніка 2022 году за расьпіцьцё сьпіртных напояў у грамадзкім месцы. Знаходзячыся ў дзяжурным пакоі міліцыі чыгуначнага вакзала ў Бабруйску, ён некалькі разоў выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за арыштамі мэдыкаў і прадстаўнікоў замежных фармакампаній і як гэта адаб’ецца на пацыентах? Расьсьледаваньне СвабодыЗатрымалі сям’ю вернікаў царквы «Новая Зямля»
Сілавікі раніцай 1 студзеня затрымалі Андрэя і Веру Мамойкаў. Пра гэта паведаміў актывіст Сяргей Мельянец у фэйсбуку.
«Ведаю іх зь дзяцінства. Тры гады таму стварылі сямʼю. Актыўна служаць у царкве „Новая Зямля“ ў групе праслаўленьня. У Веры — выдатны голас. Андрэй — бубнач.
Толькі што я даведаўся інфармацыю [пра затрыманьне]ад таты Андрэя, які служыць пастарам у гэтай царкве — Дзьмітрыя Мамойкі», — напісаў Мельянец.
Паводле яго зьвестак, сужэнцы знаходзяцца ў статусе «падазроных» паводле 342 артыкула КК.
«Удзел у несанкцыянаваным мітынгу (знайшлі па нейкім фота). Правядуць 3 месяцы на Валадарскага да суду», — напісаў Сяргей Мельянец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 студзеня: 4,5 года калёніі за намер ваяваць ва Ўкраіне