Улады вярнулі Чырвонаму касьцёлу забраную пасьля пажару тэхніку, але набажэнстваў пакуль не аднавілі

Чырвоны касьцёл Менск, 2020

Ужо чацьвёрты месяц вернікі, а іх у парафіі больш за 10 тысяч, пазбаўленыя свайго храма, а дзеці — магчымасьці наведваць нядзельную школу.

Супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкаму вярнулі менскай парафіі сьвятых Сымона і Алены тэхніку — камэры відэаназіраньня, кампутар і прынтэр-сканэр, якія канфіскавалі «пасьля інцыдэнту» 26 верасьня мінулага года, паведамляецца на парафіяльным сайце.

Адзначаецца, што гэта адбылося пасьля звароту каталіцкай грамады ў Сьледчы камітэт з адпаведнай просьбай:

«Просім працягваць маліцца аб вяртаньні нашага касьцёла вернікам і аднаўленьні парафіяльнага жыцьця. Вернікі нашай парафіі напісалі ўжо другі ліст старшыні Савета Рэспублікі з просьбай вярнуць касьцёл вернікам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней Касьцёльны камітэт менскай парафіі сьвятых Сымона і Алены зьвярнуўся да міністра замежных спраў Сяргея Алейніка з просьбай пасадзейнічаць больш хуткаму аднаўленьню працы закрытага на рамонт Чырвонага касьцёла ў Менску.

  • Чырвоны касьцёл зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджана маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка улады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябані, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзыі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія св. Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі храма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Бабруйску могуць забраць касьцёл у мясцовых каталікоў