Адзін супрацоўнік службы бясьпекі застрэлены і двое ахоўнікаў параненыя, калі нападнік, узброены аўтаматам Калашнікава, уварваўся ў амбасаду Азэрбайджану ў сталіцы Ірану Тэгеране. Трагічны інцыдэнт адбыўся 27 студзеня.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў назваў гэты напад «тэрарыстычным актам», а Баку афіцыйна абвясьціў аб эвакуацыі амбасады, абвінаваціўшы ў інцыдэнце Іран.
«Зламысьнік прарваўся праз пост аховы, забіўшы начальніка аховы з аўтамата Калашнікава», — паведамілі ў МЗС Азэрбайджану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тэгеране напалі на амбасаду Азэрбайджану, загінуў кіраўнік службы бясьпекіІранская дзяржаўная тэлевізія цытуе начальніка паліцыі Тэгерану Хасэйна Рахімі, які заявіў, што нападнік арыштаваны і што ў яго «асабістыя і сямейныя праблемы». Рахімі сказаў, што нападнік увайшоў у амбасаду з двума дзецьмі. Аднак на апублікаваных у Азэрбайджане запісах з камэр назіраньня ўнутры амбасады відаць, як стралок уваходзіць у будынак сам.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Ірану Насэр Канаані заявіў, што Тэгеран рашуча асуджае напад, яго расьсьледуюць з «высокім прыярытэтам і дэлікатнасьцю».
Прэс-сакратар МЗС Азэрбайджану Айсан Хаджызада заявіў мясцовым СМІ, што «ўся адказнасьць за напад ляжыць на Іране», паколькі нядаўняя антыазэрбайджанская кампанія ў іранскіх СМІ «падбадзёрыла напад».
«Апошні крывавы тэрарыстычны акт, на жаль, дэманструе сур’ёзныя наступствы ненаданьня неабходнай увагі нашым пастаянным заклікам у гэтай сувязі», — гаворыцца ў заяве МЗС Азэрбайджану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Азэрбайджану асудзіў рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, якая заклікае Баку неадкладна адкрыць Лачынскі калідор ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі атакавалі цэнтар вытворчасьці дронаў у Іране