G7 пагадзілася на «столь» цэнаў у 100 даляраў на расейскія нафтапрадукты, — Bloomberg

Краіны G7 прапанавалі Эўразьвязу ўстанавіць «столь» цэнаў на расейскія нафтапрадукты ў 110 даляраў за барэль, аднак пагодзяцца і на 100 даляраў, паведамляе Bloomberg са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка «Вялікай сямёркі».

У рамках санкцый, уведзеных у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, з 5 лютага 2023 году ў сьвеце пачнуць дзейнічаць дзьве «столі» цэнаў на расейскія нафтапрадукты. Адна — для тых нафтапрадуктаў, якія звычайна гандлююцца з надбаўкай у адносінах да сырой нафты (дызэльнае паліва, бэнзін), іншая — для прадуктаў, якія звычайна гандлююцца са зьніжкай (мазут). Першую Эўракамісія плянуе ўстанавіць у 100 даляраў за барэль, другі — у 45 даляраў.

G7, у якую ўваходзяць ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, Францыя і Японія, аддала б перавагу вышэйшай «столі» цэнаў — у 110 даляраў, асьцерагаючыся скачкоў цэн і збояў паставак у Эўропу, аднак «можа зьмірыцца і са ста далярамі». У той жа час, як адзначае агенцтва, абмеркаваньне яшчэ працягваецца.

У апошнія месяцы цэны на бэнзін і дызэльнае паліва з Расеі трымаліся вышэй за 100 даляраў за барэль, а ф’ючэрсы на дызэльнае паліва без уліку расейскіх паставак цяпер каштуюць каля 125 даляраў за барэль, піша Bloomberg са спасылкай на профільныя агенцтвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7, Эўразьвяз і Аўстралія дамовіліся ўвесьці дзьве «столі цэнаў» на расейскія нафтапрадукты
  • Столь цэнаў азначае, што краіны G7 і Эўразьвяз будуць надаваць страхавыя і фінансавыя паслугі, зьвязаныя з расейскімі нафтапрадуктамі, толькі ў выпадку, калі іх закупілі па лімітавай цане ці ніжэй.
  • У сьнежні 2022 году пачала дзейнічаць столь коштаў у 60 даляраў за барэль на расейскую нафту, якая экспартуецца па моры. У адказ на гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін забараніў продаж расейскай нафты і нафтапрадуктаў краінам, якія пагадзіліся са стольлю цэнаў.
  • Аналітыкі адзначаюць, што пасьля ўвядзеньня стольлі цэнаў экспарт расейскай нафты значна зьнізіўся. Цяпер нафта расейскай маркі Urals на сусьветным рынку гандлюецца крыху ніжэй за столь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін забараніў пастаўляць нафту пакупнікам, якія трымаюць усталяваную ЗША і ЭЗ столь цэнаў