«У машыну ўзялі чатырох вялікіх сабак, таму на рэчы не засталося месца»
Аляксей Кучко і Юлія Бачурынская мелі даволі пасьпяховую гаспадарку ў курортным Браслаўскім раёне. Яны гадавалі коней, авечак, коз, сьвіней, кароў. Займаліся вытворчасьцю розных гатункаў сыроў. У 2020 годзе сям’я вырашыла пераехаць, каб «шукаць разьвіцьцё і новыя гарызонты». Паволі заняліся распродажам маёмасьці.
«Коней і сабак вырашылі ўзяць з сабой. Дакладней, вырашылі, што калі сэзон-2021 адпрацуем добра, заробім грошы, то зможам перавезьці коней. Бо гэта даволі дарагая паслуга. Шкада было пакідаць іх, бо ўжо прайшлі разам шмат выпрабаваньняў і сталі сябрамі. А знайсьці надзейнае месца, каб мы былі за коней спакойныя, у нас не атрымалася. Трох сабак мы аддалі нашым добрым знаёмым і сябрам. Бо ў нас іх было сем у Беларусі», — расказвае Юлія.
Чатырох вялікіх сабак гаспадары не хацелі кідаць ці аддаваць чужым людзям. Для пераезду на сабак і каней патрэбныя былі пашпарты і прышчэпкі. На коней нават аналізы трэба было здаць. У выніку ўсе пытаньні былі вырашаныя. У сьнежні 2021 году сям’я выправілася ў падарожжа. Коні ехалі асобна, зь перавозчыкам. Сабакі — у аўтамабілі. Яны занялі там усё вольнае месца, таму Юлія і Аляксей абмежаваліся двума валізкамі. Астатнія рэчы, нават неабходнае абсталяваньне, давялося ці пакінуць у Беларусі, ці прадаць.
«Мы бы засталіся, у нас быў хутар добры, хацелі ўкладацца ў яго, разьвівацца, але неяк ня бачылі пэрспэктывы», — тлумачыць Юлія.
Авечак, коз і кароў пара прадала. Сям’я дамовілася, што ў Польшчы ім дадуць часовы прытулак «знаёмыя знаёмых». Пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне вольнае жытло ў Польшчы, тым больш дом з участкам, знайсьці было даволі цяжка.
«Давялося таксама шмат шукаць, езьдзіць, хутка вучыць польскую мову», — кажа Юлія Бачурынская.
У выніку беларусы знайшлі дом у арэнду непадалёк ад Кракава разам з трыма гектарамі зямлі. Цяпер у іхнай гаспадарцы тыя ж «беларускія» коні, сабакі, а яшчэ 20 авечак і 18 коз, якіх набылі ўжо ў Польшчы.
«Нашых жывёлаў суседзі выкарыстоўваюць як газонакасілку»
Мясцовыя жыхары спачатку сустрэлі чужакоў насьцярожана. «Але гэтак будзе ў любой вёсцы, у любой краіне. Потым яны прыйшлі да нас знаёміцца. Прынесьлі хто бульбу, хто буракі, бо акурат быў сэзон гародніны. Цяпер мы жывём мірна, бо калі ты ставісься да людзей добра, то і яны так да цябе будуць», — тлумачыць Юлія.
Жывёлы беларусаў нават «дапамагаюць» гаспадару дома. Бо ён не жыве стала на вёсцы, а траву на трох гектарах абавязаны касіць паводле польскага заканадаўства.
«Таму нашы жывёлы яму яе „косяць“. Прычым наш газон летась быў самы дагледжаны. Козы і авечкі саскубаюць траву практычна да зямлі. Цяпер і суседзі просяць, каб нашы жывёлы пасьвіліся на іх гектарах. Бо пакасіць траву каштуе грошай», — расказвае Юлія.
Паводле назіраньняў Юліі, палякі ў гэтай мясцовасьці (Малапольскае ваяводзтва. — РС) даволі кансэрватыўныя ў спажываньні сыроў. Яны маюць некалькі сваіх гатункаў традыцыйных сыроў, на якія арыентуюцца як вытворцы, так і спажыўцы.
«Нашы ж адрозьніваюцца тым, што яны любяць, па-першае, розныя гатункі. І больш адкрытыя да нечага новага, да пазнаньня, у тым ліку і новых гатункаў сыроў. Таму пакуль мы арыентуемся на беларусаў. Для іх робім і сыры зь цьвільлю, і мацарэлу з рыкотай», — кажа Юлія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне: 25% беларускіх «актыўных эмігрантаў» не плянуюць вяртацца на радзіму«Глазураваныя сыркі рабілі ў адпаведнасьці з савецкім ГОСТам, толькі цукру клалі менш»
Юлія распавядае, што ў летні сэзон запатрабаваныя такія сыры, як фэта і мацарэла.
«Лета — сэзон салатаў, гародніны, памідораў. Лёгкія сыры да гэтага ўсяго пасуюць. Беларусы любяць сыр халюмі. Вось ён — па-за сэзонам. Яго смажаць і летам на „шашлыках“, і ўзімку. Халюмі добры тым, што ён не плавіцца на патэльні, а менавіта смажыцца. Прычым на тым жа тлушчы, які сам выдзяляе. Вось якая скарыначка атрымліваецца», — Юлія паказвае адразу на патэльні — як правільна смажыць халюмі.
Клясычны рэцэпт халюмі яна перапрацавала яшчэ ў Беларусі з улікам мясцовых асаблівасьцяў. Так у ім зьявіліся журавіны. І такая вэрсія спадабалася пакупнікам.
Зараз пара займаецца дакумэнтамі, якія дазволяць ім прадаваць уласныя сыры на кірмашах і рынках Польшчы. Для гэтага як гаспадары, так і іхныя гадаванцы здавалі аналізы.
«Ну і трэба, каб малако праходзіла розныя тэсты. Насамрэч гэта ўсё не складана. Бо тут я сутыкаюся з тым, што чыноўнікі ня хочуць цябе як мага хутчэй пакараць, а стараюцца патлумачыць, дапамагчы, папярэдзіць», — кажа беларуска.
Пакуль жа асноўныя пакупнікі ў гаспадарцы Юліі і Аляксея — беларусы, прычым ня толькі з Польшчы. Замовы прыходзяць з Літвы, Чэхіі, Нямеччыны. Была нават замова са Швайцарыі. Аднак перасылка прадуктаў туды вельмі дарагая. Ад беларусаў паступіў таксама заказ на глазураваныя сыркі.
«Раней мы іх не рабілі. Вырашылі паспрабаваць. Вядома, мы ня можам паўтарыць тое, як робяць сыркі на прадпрыемствах. У якасьці стандарту мы ўзялі савецкі, толькі зьменшылі там цукар напалову. Цяпер людзі стараюцца не спажываць шмат цукру. Некаторыя просяць увогуле бяз цукру рабіць. Мы робім сыркі ў горкім, малочным, белым шакалядзе, у апэльсінавай глазуры, зь ягадамі», — расказала Юлія.
Яна дадае, што беларусы замаўлялі ў іх глазураваныя сыркі ня толькі для сябе, але і на сьвяты, а таксама для пачастунку польскіх калегаў.
«Многія нашы пакупнікі сталі за гэтыя гады нашымі сябрамі. Бо многія былі нашымі кліентамі яшчэ ў Беларусі. Цяпер яны тут і ахвотна як купляюць нашыя сыры, так і прыяжджаюць у госьці», — кажа беларуска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго хочуць і на што здольныя новыя беларускія эмігранты? — вынікі апытаньня дыяспары