«Я адэкватны чалавек, таму за Лукашэнку ніколі не галасавала»
Галіна мае юрыдычную адукацыю. Так склалася, што першым месцам працы ў яе была дзяржаўная служба. І апошнім у Беларусі — таксама.
«Пасады „юрыст“ няма на дзяржаўнай службе. Ёсьць спэцыялісты, кансультанты. Я займалася прававымі пытаньнямі, усе гэтыя гады на дзяржаўнай службе. Мая праца мела такую спэцыфіку, што яна аніяк ня тычылася палітыкі. Я адэкватны чалавек, таму за Лукашэнку я ніколі не галасавала», — тлумачыць беларуска.
Яна дадае, што праца на дзяржаўнай службе дазваляла ёй бачыць праблемы ў большым маштабе, чым «звычайнаму абывацелю».
«Таму я, канечне, была нязгодная з тым, што адбываецца ў краіне. Асабліва калі я сама ўбачыла, як на вуліцах летам 2020-га, яшчэ да выбараў, хапалі людзей, я разумела, што адбываецца нешта страшнае. Я бачыла, што дакладна гэтыя выбары будуць незвычайнымі. І мы гэта ўсе ўбачылі», — кажа Галіна.
«Хадзіла на маршы, хаваліся ад АМАП па маленькіх крамах і нават у казіно»
Галіна зазначае, што ў яе на працы, па яе назіраньнях, большасьць чыноўнікаў былі супраць Лукашэнкі.
«Асабліва ў панядзелак пасьля выбараў, калі ўжо ўсе ведалі пра гвалт, які быў на нашых вуліцах, пасьля той крывавай ночы. Скажу па маіх назіраньнях, што каля 80% калег былі супраць, бо ўсе былі шакаваныя менавіта гвалтам з боку міліцыі», — распавядае беларуска.
Яна кажа, што пачала хадзіць на маршы.
«Бо ў мяне абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Я не магла застацца ўбаку, быць абыякавай. Мне было страшна! Я баялася, што мяне затрымаюць. Але нашмат страшней было сядзець дома і чытаць навіны ў тэлеграм-каналах. Дарэчы, у маім кантракце было прапісана, што я ня маю права ўдзельнічаць у забастоўцы. Але пра мітынгі там нічога не было, таму я вырашыла, што я маю права на гэта», — дадала Галіна.
Яна распавяла, што ёй зь сябрамі шэнціла, і яны не траплялі пад затрыманьні.
«Яшчэ я верніца, таму малілася. Гэта мне дапамагала. Мы траплялі пад аблавы, але нам удавалася ўцячы. Нас хавалі людзі ў маленькіх крамах і нават у казіно», — кажа беларуска.
«Ніхто нічога не тлумачыў»
Жанчына расказвае, што ў 2021 годзе яе выклікалі да начальства і паведамілі, што яна мусіць напісаць заяву на звальненьне.
«Начальнік нічога не тлумачыў, апроч таго, што „Ты ў сьпісах з КДБ“. Можа, гэта было праз мае сацыяльныя сеткі, бо я не хавала там сваёй пазыцыі. Можа, яшчэ за нешта, ня ведаю. У сьпісах была ня толькі я адна. Я адмовілася звальняцца на ўласнае жаданьне, таму на мяне пачаўся ціск. Гэта працягвалася некалькі месяцаў. Давалі мне такія загады і даручэньні, якія ня тычацца маёй дзейнасьці. Напрыклад, напісаць даклад не па маёй тэме. Правяралі ўсю маю дакумэнтацыю. Давалі вымовы, калі знаходзілі, скажам, лішні прабел ці граматычную памылку.
Я стамілася пісаць тлумачальныя. Ехала на працу і плакала. Калегі мяне падтрымлівалі, але што яны маглі зрабіць? Прычым да гэтага я мела на працы толькі падзякі, ніякіх вымоў ці заўваг. Мяне цяжка было звольніць, бо я была добрым работнікам і добра ведала сваю працу. Але праз гэтыя месяцы ціску я не зламалася, проста моцна стамілася і напісала заяву на звальненьне», — тлумачыць Галіна.
Жанчына кажа, што на разьвітаньне ёй сказалі, што ў дзяржаўную службу ёй дзьверы зачыненыя.
«Потым ад былых калег я даведалася, што з „органаў“ на працу прыйшоў запыт — напісаць ім, куды ўладкаваліся тыя, каго звольнілі. Гэта значыць, што яны вырашылі не даваць спакою нікому, каб іх зноў знайсьці і звольніць», — дадала беларуска.
Жанчына ў выніку знайшла іншую працу і заставалася ў Беларусі да лета 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў вайсковых званьняў болей за 80 чалавек. У сьпісе Сахашчык, Лебядок, Ціманоўская«Пасьля таго як я зьехала, мяне пачала шукаць міліцыя»
Галіна кажа, што не зьбіралася зьяжджаць зь Беларусі да вясны 2022 году.
«Але сябры запрашалі прыехаць да іх у Польшчу. І ў мяне зьявілася тады нейкае ўнутранае адчуваньне, што мне варта зьехаць. Потым яно пацьвердзілася. Я звольнілася, прыехала да сяброў у Польшчу, знайшла бясплатнае жытло на першы час. І хацела вярнуцца ў Беларусь, каб завяршыць там некаторыя справы. Але было такое ўнутранае адчуваньне, нават трывога, што ня варта ехаць. Бог мяне бярог, я ў гэтым упэўненая. Я не паехала — і даведалася, што акурат мяне шукае міліцыя. Чаму — няцяжка здагадацца. Супрацьзаконнага я дакладна нічога не рабіла», — кажа беларуска.
Цяпер яна ўладкавалася на працу нянечкай і паралельна пайшла вучыцца.
«Вучуся ў школе для дарослых па спэцыяльнасьці „тэхнік адміністрацыі“. Гэта такі супрацоўнік адміністрацыі, чыноўнік. Для гэтага я вывучаю права, розныя юрыдычныя тэрміны. Гэта дапамагае мне і мову хутчэй вучыць. Бо нянечка — гэта ж часова. Можа, пасьля атрыманьня адукацыі буду працаваць у якой-небудзь адміністрацыі, па дамове падраду, бо дзяржаўным служачым можа быць толькі грамадзянін Польшчы. Я бачу, што ў іх тут вялікая бюракратыя, і з гэтым трэба нешта рабіць, нешта зьмяняць. Я пляную гэтым заняцца таксама», — кажа Галіна.
«Перамены прыйдуць, але звышнатуральным шляхам, не чалавечымі высілкамі»
Беларуска дадае, што не шкадуе пра свой удзел у маршах, пра страту добрай працы.
«У мяне падвышанае пачуцьцё справядлівасьці, я не падтрымала б гвалт і рэпрэсіі ані з чалавечай, ані з хрысьціянскай пазыцыі. Затое ў 2020 годзе мы ўбачылі, які ў нас добры народ! Пра сябе я магу сказаць, што не была патрыёткай Беларусі, больш таго, прызнаюся, і не любіла Беларусь. У 2020 годзе, праз тыя падзеі, людзей — палюбіла. Я лічу, што перамены ў Беларусі будуць, абавязкова. Але гэта будзе не праз чалавечыя высілкі, хоць і гэта трэба, а звышнатуральным шляхам», — лічыць беларуска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З опэрнага тэатру за грамадзянскую пазыцыю звольнілі ўжо чацьвёртага дырыгента ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка 29 лістапада: Былому работніку пракуратуры прысудзілі 6 гадоў калёніі за распаўсюд зьвестак сілавікоў