Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Прычына: «Прыцягненьне да ўстаноўленай законам адказнасьці за наўмыснае выдаваньне службовай тайны, актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, у тым ліку ў несанкцыянаваных мітынгах, абразу прадстаўнікоў улады, выступленьне з заявамі экстрэмісцкага характару і іншае».
У сьпісе званьні ад сяржанта да палкоўніка.
Прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык пазбаўлены званьня падпалкоўніка запасу, таксама Лукашэнка зьняў званьне маёра зь ягонага сына Аляксандра Сахашчыка.
Арыштаваны палітычны аналітык Ягор Лебядок перастаў лічыцца старшым лейтэнантам запасу. Цяпер палітвязень чакае суду паводле крымінальнага артыкулу 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Бягуха Крысьціна Ціманоўская, вядомая сваім дэмаршам на Aлімпійскіх гульнях у Токіё, цяпер выступае за Польшчу, атрымаўшы грамадзянства. Яна неаднаразова крытыкавала спартовае кіраўніцтва краіны. Яе пазбавілі званьня прапаршчыка ўнутранай службы запасу.
Былы вайсковец палка Каліноўскага Павал Кулажанка пазбаўлены званьня прапаршчыка міліцыі запасу.
Таксама ва ўказе на пазбаўленьне званьняў:
- дарадца юстыцыі Алег Талерчык, прадстаўнік ByPol;
- Андрэй Паротнікаў, вайсковы экспэрт;
- Васіль Верамейчык, добраахвотнік палка Каліноўскага;
- юрыст 1-й клясы Ягор Бабак (былы пракурор, які зладзіў праверку супрацоўнікаў ДAІ, што пабілі байкераў 11 жніўня 2020 году), палітвязень;
- капітан міліцыі запасу Ігар Букас, жыхар Бабруйску, асуджаны за «гвалт над міліцыянтам» падчас пратэстаў.