Хроніка перасьледу 24 студзеня: пэнсіянэрцы прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар у Telegram

Судзьдзя Іна Клышпач

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю не спыняецца.

1,5 года «хатняй хіміі» за абразу КДБ

У Маскоўскім судзе Берасьця асудзілі Натальлю Малец паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».

Судзьдзя Іна Клышпач прызначыла жанчыне 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Паводле матэрыялаў справы, 9 сакавіка Натальля перайшла па спасылцы з Facebook у Telegram. У мэсэнджары пад адной з публікацый яна пакінула камэнтар у дачыненьні да прадстаўнікоў улады, у тым ліку супрацоўнікаў органаў дзяржбясьпекі.

Паводле заключэньня лінгвістычнай экспэртызы, камэнтар Малец прызналі нэгатыўнай ацэнкай прадстаўніка ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпявачку Мэрыем Герасіменку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»

У Менску затрымалі настаўніцу вакалу

Ладарыя Кузьняцова працуе пэдагогам па вакале, яе затрымалі ў Менску раніцай.

Папярэдне праваабаронцам стала вядома, што Ладарыі інкрымінавалі ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Журналіста Паўла Падабеда ня выпусьцілі на волю пасьля 72 гадзін

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці затрыманьня відэаапэратара Паўла Падабеда, які пры загадкавых абставінах «зьнік» удзень 20 студзеня, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У мінулую пятніцу Павел выправіўся на пошту, каб аплаціць навучаньне сына. Пасьля было заплянаванае наведваньне яшчэ аднаго адраса, але туды ўжо ён не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь. З улікам таго, што на пошце ён пасьпеў аформіць толькі адзін плацеж зь некалькіх, высокая імавернасьць, што затрымалі яго менавіта там.

Прынамсі сам факт затрыманьня Павел пацьвердзіў у тэлефанаваньні сваякам — праўда, без удакладненьняў, што канкрэтна яму інкрымінавалі. Толькі пасьпеў паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус.

З вонкавага агляду жыльля родзічы зрабілі выснову, што зьнік кампутар і, відавочна, іншыя носьбіты інфармацыі — уключна з тэлефонам, які ў Паўла Падабеда быў пры сабе.

Праз трое сутак, якія прайшлі з часу затрыманьня, апэратара на волю ня выпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 студзеня: затрыманьні ў Горадні, Віцебску і Менску, вырак суду ў Пружанах

Былога выкладчыка БДУІР арыштавалі на 15 дзён

Экс-выкладчык БДУІР Мікалай Банькоў атрымаў 15 сутак арышту. Такі ж тэрмін атрымала ягоная жонка Сьвятлана. Абодвух судзілі па адміністрацыйным артыкуле «дробнае хуліганства», паведамляе «Вясна».

Мікалая і Сьвятлану затрымалі 18 студзеня.

Мікалай Банькоў быў выкладчыкам на катэдры сувязі, якая рыхтуе афіцэраў кадраў для Ўзброеных сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Беларусі па спэцыяльнасьці. Банькоў выкладаў дысцыпліны «Прылада і эксплуатацыя сродкаў сувязі», «Тэхнічная падрыхтоўка», «Спэцыяльная падрыхтоўка», «Тактыка-спэцыяльная падрыхтоўка».

Затрымалі магілеўскага музыку Ільлю Сазонава

Відэа з музыкам з Магілёву Ільлём Сазонавым зьявілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. У ім гітарыст «прызнаецца», што разьмяшчаў у сваіх сацсетках «інфармацыю экстрэмісцкай скіраванасьці».

Ільля Сазонаў граў у адным з магілёўскіх гуртоў. Працаваў на пасадзе інжынэра «Магілёўэнэрга». Таксама вядома, бацька Ільлі — была рэктар Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту Ігар Сазонаў, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 студзеня: Супраць віцебскага арт-мэнэджэра Ўладзімера Булаўскага распачалі крымінальную справу; затрымалі выкладчыкаў

Сілавікі затрымалі маці дваіх дзяцей, якая вярнулася з Польшчы

Сілавікі затрымалі беларуску, якая вярнулася ў краіну з Польшчы. Як паведамляе праўладны тэлеграм-канал, яна пакідала камэнтары з «абразамі і заклікамі да гвалту», рабіла «экстрэмісцкія» публікацыі ў Інстаграме.

Па інфармацыі «Нашай Нівы»,, затрыманую клічуць Натальля Ільіна, ёй 40 гадоў. У жанчыны двое дзяцей.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах