Сьцісла
- Ледзь не палова актыўнай часткі новай беларускай дыяспары ХХІ стагодзьдзя — людзі ў веку 31–40 гадоў.
- Большасьць гэтай групы дыяспары пільна сочыць за падзеямі ў Беларусі і актыўна аказвае дапамогу беларусам і ўкраінцам як у дыяспары, гэтак і ў мэтраполіі.
- У арганізацыйнай дзейнасьці як у дыяспары, гэтак і ў Беларусі бярэ ўдзел крыху больш за чвэрць актыўнай часткі новай дыяспары.
- 42% апытаных актыўных эмігрантаў хацелі б вярнуцца ў Беларусь.
25% беларускіх «актыўных эмігрантаў» не плянуюць вяртацца на радзіму — такі вынік апытаньня, праведзенага Цэнтрам новых ідэй і ініцыятывай «Народнае апытаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне: 25% беларускіх «актыўных эмігрантаў» не плянуюць вяртацца на радзімуДасьледаваньне праводзілася сярод беларусаў-эмігрантаў у мэсэнджарах Viber і Telegram (онлайн-інтэрвію) з 3 па 30 кастрычніка 2022 году з удзелам 1631 чалавека.
Вынікі апытаньня не прэтэндуюць на строгую рэпрэзэнтатыўнасьць усёй дыяспары. Аўтары дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што рэспандэнты прадстаўляюць грамадзка і палітычна актыўную частку эміграцыі.
Тым ня менш нейкае ўяўленьне (прынамсі пра гэтую частку дыяспары) дасьледаваньне дае.
Першая выснова: актыўная дыяспара — гэта не адно моладзь і нават не пераважна яна. Амаль палова апытаных (47%) — узросту 31–40, моладзь (18–30) складае менш за траціну.
Пераважная частка апытаных ня мае ў эміграцыі вялікіх матэрыяльных праблемаў: «12% рэспандэнтаў «ні ў чым сабе не адмаўляюць», 33,5% могуць «купіць аўтамабіль, але не гатовыя сказаць, што не абмежаваныя ў сродках», 27,8% могуць «купляць дарагія рэчы, але не аўтамабіль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай: «Мы вернемся ў Менск і зноў адкрыем там бюро. Гэта пытаньне часу»Гэта не зусім адпавядае карціне, якая складаецца, скажам, са знаёмства з досьведам эмігрантаў, асабліва апошніх хваляў, якім яны дзеляцца ў сацыяльных сетках.
Магчыма, справа ў асаблівасьцях фармаваньня выбаркі: людзі, якія сутыкаюцца зь цяжкімі матэрыяльнымі праблемамі адаптацыі да новай краіны, напэўна, менш схільныя расказваць пра сваё жыцьцё і свае погляды.
Сярод рэспандэнтаў — роўна чвэрць тых, хто пакінуў Беларусь да 2020 году; прыкладна па траціне эмігравалі ў 2021 і 2022 гадах.
Пераважная частка актывістаў пільна цікавіцца падзеямі ў Беларусі, ладная частка не абмяжоўвае сваю актыўнасьць камунікацыяй у сацсетках: «73% рэспандэнтаў прызналіся, што аказваюць за мяжой дапамогу Беларусі і беларусам, 55% — Украіне і ўкраінцам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вяртайцеся ў Беларусь, пакуль Лукашэнка пры ўладзе». Гутарка з кіраўніком фонду BYSOL Андрэем СтрыжакомАле што тычыцца ўдзелу ў калектыўнай, арганізацыйнай дзейнасьці, то тут паказьнікі больш сьціплыя: крыху больш за чвэрць (27%) паведамілі, што аказваюць дапамогу «грамадзкім арганізацыям, ініцыятывам, праектам». Кожны трэці апытаны сказаў, што падтрымлівае сувязі з аднадумцамі ў Беларусі (для параўнаньня — са сваякамі ў Беларусі падтрымліваюць сувязі 93% рэспандэнтаў).
Вышэй прыводзілася доля тых, хто не зьбіраецца вяртацца ў Беларусь — кожны чацьвёрты. Цікава, што яна дакладна супадае з доляй тых, хто пакінуў Беларусь да 2020 году. Наўрад ці дакладна толькі яны і зьбіраюцца вяртацца. Але відавочная сувязь паміж працягласьцю жыцьця за мяжой і нежаданьнем вяртацца — у сярэднім чым даўжэй людзі жывуць за мяжой, тым меншыя стымулы вяртацца.
Але адметна, што адносная большасьць апытаных (42%) усё ж хоча вярнуцца. У дасьледаваньні не высьвятлялася, як і калі эмігранты хочуць вярнуцца — цяпер, у будучую свабодную Беларусь, ці тады, калі ў Беларусі пачнуцца кардынальныя зьмены кшталту падзей 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін: «Мы хочам стварыць глябальны беларускі прадукт»Падсумоўваючы, можна сказаць, што беларусы актыўнай часткі дыяспары ХХІ стагодзьдзя ў значнай ступені жывуць падзеямі ў Беларусі. Многія зь іх аказваюць дапамогу сваім суайчыньнікам у Беларусі і за мяжой.
Але ў арганізацыйную дзейнасьць, камунікацыю як у дыяспары, гэтак і зь мэтраполіяй, заангажаваныя да траціны апытаных.
Складана дакладна арытмэтычна ацаніць, колькі гэта людзей — невядома, колькі складае ўся новая дыяспара (хоць, напэўна, гэта сотні тысячаў беларусаў), якая яе частка схільная да грамадзка-палітычнай актыўнасьці.
Мяркую, што ацэнка — у дзясяткі тысячаў чалавек, магчыма, у некалькі сотняў тысячаў. Ці дастаткова гэтага для стварэньня «іншай Беларусі», «Беларусі ў дыяспары», пра якую нядаўна пісаў Валер Карбалевіч — сказаць складана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралельна пачалі існаваць дзьве Беларусі. Меркаваньне Валера КарбалевічаМожа і так. На долю тых, хто хацеў бы вярнуцца, можна глядзець па-рознаму.
Можна бачыць у гэтым надзею і патэнцыял пераменаў у мэтраполіі. Можна, дарэчы, і глебу для спакушэньня з боку ўладаў. Мяркуючы па ўсім, паралельна з пашырэньнем тэрору ў краіне ўлады вядуць і кампанію заманьваньня эмігрантаў дамоў. Чым гэта для большасьці «вяртанцаў» канчаецца, вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры ўезьдзе ў Беларусь летась за «экстрэмізм» затрымалі звыш 50 чалавекАле ўсё ж адметна, што большасьць актыўнай часткі новай дыяспары разглядае свой цяперашні стан як часовы. Надзея памірае апошняй. А таму — жыве Беларусь. І будзе жыць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.