Прэм’ер-міністар Польшчы: «Калі ня будзе згоды Нямеччыны перадаць Украіне „Леапарды“, мы збудуем уласную меншую кааліцыю»

Матэвуш Маравецкі

Матэвуш Маравецкі незадаволены тым, што Бэрлін ня хоча даваць украінскаму войску танкі.

Пра гэта прэм’ер-міністар Польшчы сказаў у размове з інфармацыйным агенцтвам PAP.

«Калі ў справе „Леапардаў“ згоды Нямеччыны ня будзе, то мы створым меншую кааліцыю дзяржаваў, гатовых перадаць частку сваіх сучасных танкаў для Ўкраіны. Мы ня будзем спакойна назіраць за тым, як Украіна сьцякае крывёю. Украіна і Эўропа перамогуць у гэтай вайне − зь Нямеччынай альбо безь яе», — сказаў Матэвуш Маравецкі.

Раней міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс патлумачыў, чаму ідзе затрымка з пастаўкай танкаў Leopard 2 украінскаму войску. Ён сказаў, што Бэрліну неабходна «ўзважыць усе „за“ і „супраць“», каб прыняць рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея плянуе перакінуць на ўкраінскую тэрыторыю новыя танкі «Армата», а Захад фармуе для Ўкраіны сваю «танкавую кааліцыю»

Маравецкі адзначыў, што Польшчы і палякі зрабілі шмат для Ўкраіны, а вось дзеяньні Нямеччыны пры гэтым недастатковыя.

«Чаго яшчэ патрабуе Нямеччына, каб расплюшчыць вочы і пачаць дзейнічаць адпаведна патэнцыялу нямецкай дзяржавы? Зрэшты, ня мусяць выкарыстоўваць 100% сваіх сродкаў. Хапіла бы і 30%. І нават 10% ужо былі б прагрэсам. Перадусім Бэрлін не павінен аслабляць ці сабатаваць дзеяньні іншых дзяржаваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША раяць Украіне адкласьці контрнаступ да завяршэньня паставак амэрыканскай зброі і падрыхтоўкі вайскоўцаў, — Reuters

Маравецкі таксама дадаў, што правёў незьлічоную колькасьць перамоў адносна вайсковай дапамогі Ўкраіне. Аднак шторазу, калі пачынаюцца станоўчыя зрухі ў справе паставак цяжкой зброі Ўкраіне, умешваецца Нямеччына і выказваюць сумневы. На ягоную думку, немцам цяжка прызнаць памылку палітыкі збліжэньня з Расеяй.

«Калі міністар Пісторыюс запярэчвае, што Нямеччына блякуе пастаўкі танкаў, я бы хацеў пачуць зразумелыя словы аб тым, што Бэрлін падтрымлівае іх пастаўкі», — сказаў Маравецкі.

Польскі прэм’ер заявіў, што вайна ідзе тут і цяпер, украінскія абаронцы патрабуюць неадкладнай дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Нямеччыны не пацьвердзіў, што для адпраўкі нямецкіх танкаў ва Ўкраіну патрэбныя ўмовы 

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.