«Беларусбанк» прапанаваў іпатэку пад 1%. Разьбіраемся, ці так гэта і якія жыльлёвыя крэдыты ёсьць у суседзяў

Сярэдні памер іпатэчнага крэдыту ў Беларусі па-ранейшаму складае 16–18%. У суседняй Літве — каля 5%.

У Беларусі звычайная іпатэка пад 16%, у Літве крэдыт на жыльлё можна ўзяць пад 4,9%. «Беларусбанк» прарэклямаваў новы іпатэчны крэдыт, нібыта пад 1%. Аднак ён аказаўся не такі танны. Крэдыт называецца «Іпатэка з намі», у грэйс-пэрыяд (гэта значыць, пакуль дзейнічае ільгота. — РС) сродкамі з карткі сапраўды можна карыстацца бясплатна ці па зьніжанай працэнтнай стаўцы, але гэты пэрыяд цягнецца толькі год.

Далей стаўка па крэдыце складае 16,9% і вышэй. Крэдыт партнэрскі, у сьпісе партнэраў 13 дзяржаўных і 30 прыватных забудоўшчыкаў. І тут таксама ёсьць нюанс: пад 1% першы год можна будаваць жыльлё толькі з адным забудоўшчыкам. Ва ўсіх іншых працэнтная стаўка складае ад 3% да 9% на працягу першага году.

Крэдытам можна аплаціць да 100% кошту жыльля, якое будуецца.

Якія яшчэ жыльлёвыя крэдыты даюць у Беларусі

Банк БелВЭБ прапануе крэдыт на жыльлё да 100 000 рублёў на тэрмін да 300 месяцаў (25 гадоў. — РС), працэнтная стаўка па ім складае ад 7,41% да 18,24% у залежнасьці ад тэрміну.

Белаграпрамбанк дае крэдыт да 20 000 рублёў на тэрмін ад 1 да 240 месяцаў, працэнтная стаўка вагаецца ад 4,5% да 17,5%.

Прыёрбанк прапануе крэдыт на жыльлё на 20 гадоў да 450 000 рублёў пад працэнтную гадавую стаўку 15%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які працуе, зьбяднеў за год на 7 кг сала і пабагацеў на 12 кг бульбы. Як інфляцыя зьядае заробкі

Якія жыльлёвыя крэдыты ёсьць у суседніх краінах

Літва

У Swedbank, які дзейнічае на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Эстоніі, можна ўзяць іпатэчны крэдыт на тэрмін да 30 гадоў. Напрыклад, калі крэдыт будзе на 300 000 эўра, то працэнтная стаўка будзе складаць 2,1% + стаўка EURIBOR (Euro Interbank Offered Rate), атрымліваецца 4,9% гадавых.

У банку SEB можна ўзяць жыльлёвы крэдыт на тэрмін да 20 гадоў. Калі сума будзе 100 000 эўра, то працэнтная стаўка будзе складаць 5%.

Польшча

У Польшчы працэнтная стаўка па крэдытах апошнім часам вырасла. Калі раней грошы на набыцьцё жыльля банкі давалі і пад 2%, то цяпер стаўкі вышэйшыя.

Напрыклад, у банку Millenium можна ўзяць іпатэчны крэдыт, які будзе пакрываць да 90% кошту жыльля, пад 10,79%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Давосе канчаткова вызначылася з геапалітычным выбарам. Тлумачаць віцэ-прэзыдэнты ABBA

Расея

У Расеі існуюць іпатэчныя крэдыты як зь дзяржаўнай падтрымкай, так і звычайныя. Зь дзяржаўнай падтрымкай працэнтная стаўка будзе ніжэйшая. Такі крэдыт у банку «Развитие» даецца пад 7,3% гадавых, сума — да 6 мільёнаў расейскіх рублёў (78 000 эўра).

У тым жа банку «Развитие» крэдыт безь дзяржаўнай падтрымкі будзе пад 10,79% гадавых сумай да 20 мільёнаў расейскіх рублёў (260 000 эўра).

У расейскім «Росбанку» да 12 мільёнаў расейскіх рублёў жыльлёвага крэдыту можна ўзяць пад 5,95% гадавых тэрмінам на 35 гадоў.

У цэлым жа працэнтная стаўка на іпатэчныя крэдыты ў Расеі вагаецца ад 6% да 11%.