У ноч з 19 на 20 студзеня невядомымі былі разьбітыя шыбы ў вокнах будынку катэдральнага касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава ў Магілёве — адной з найбольш важных каталіцкіх сьвятынь у Беларусі, паведамляе прэсавая служба Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Былі пашкоджаныя вокны прэзбітэрыя, таксама разьбітыя наскрозь шыбы капліцы Маці Божай Бялыніцкай і сьвятога Антонія Падуанскага, у тым ліку пашкоджаныя вокны памяшканьняў, дзе адбываюцца сустрэчы Легіёна Марыі і групы АА. Разьбітыя вокны падвальных памяшканьняў пад капліцай Маці Божай Бялыніцкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Бабруйску могуць забраць касьцёл у мясцовых каталікоўПарафія зьвярнулася з заявай у РАУС Ленінскага раёна горада Магілёва для расьследваньня акту вандалізму і прыцягненьня да адказнасьці невядомых зламысьнікаў, якія яго ўчынілі.
У мінулым годзе ўраганны вецер зьнішчыў частку даху касьцёла Сьвятога Станіслава ў Магілёве, збудаванага ў XVIII стагодзьдзі. Сьвятары зьвярнуліся да беларусаў з просьбай аб дапамозе ў аднаўленьні касьцёлу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталікі папрасілі кіраўніка МЗС Алейніка, які быў паслом у Ватыкане, дапамагчы зь вяртаньнем Чырвонага касьцёла