— Спадар Яраслаў, дазвольце пачаць зь мінулагодніх справаў. Скажыце, калі ласка, што ў 2022-м удалося зрабіць з задуманага.
— 2022 год быў вельмі актыўны ў працы нашага фонду. Дагэтуль фактычна мы займаліся амаль выключна напаўненьнем/пашырэньнем зьместу Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Мінулы год паставіў перад намі новыя выклікі. У 2021 годзе мы выдалі раман Уладзімера Някляева «Гэй Бэн Гіном», які ня змог выйсьці ў Беларусі. Разам з аўтарам і Зьмітром Вайцюшкевічам правялі 10 прэзэнтацыяў кнігі ў розных гарадах Польшчы. Зьезьдзілі таксама ў Вільню. Наклад раману разышоўся. Гэта паказала, што перад беларускімі выдавецкімі праектамі па-за межамі Беларусі — на жаль — вялікія пэрспэктывы. Менавіта «на жаль», бо гэтыя кнігі павінны выходзіць у Беларусі. Сытуацыя, аднак, такая, што шмат якія кнігі там ня змогуць выйсьці. Іншыя прызнаюцца экстрэмісцкімі. Ліквідуюцца беларускія незалежныя выдавецтвы, і фактычна выданьне беларускіх кніг робіцца амаль немагчымым. Таму мінулы год мы пачалі з другога выданьня раману «Гэй Бэн Гіном».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў распачаў сэрыю прэзэнтацый свайго новага раману ў Польшчы. ФОТАШто выдалі летась
За ўвесь мінулы год фонд Kamunikat.org выдаў 13 кніг. Перш за ўсё гэта кнігі аднаго з найбольш папулярных сучасных беларускіх літаратараў Уладзімера Арлова. Найперш гэта культавая кніга прозы «Ордэн Белай Мышы». Пазьней была кніга «Танцы над горадам», за якую Ўладзімер Арлоў быў узнагароджаны прэміяй імя Ежы Гедройця за найлепшую беларускую кнігу прозы 2017 году. Далей — гістарычная проза «Каханак яе вялікасьці», эсэістыка «Незалежнасьць — гэта…» і паэзія «Паром празь Ля-Манш». Гэтая кніга аўтара ў польскім перакладзе Адама Паморскага ў 2010 годзе атрымала прэмію гданьскай мэрыі «Эўрапейскі паэт свабоды» (European Poet of Freedom). І ўжо зусім напрыканцы году выйшла перавыданьне кнігі зь Бібліятэкі Свабоды «Пакуль ляціць страла. 100 пытаньняў пісьменьніку» і кніга балядаў «Апоўначы ў лёнданскім доме». Апошняя кніга — гэта ўжо не зусім перавыданьне. Тут зьмешчаныя баляды, якія былі напісаныя адмыслова да польскага перакладу люблінскага выдавецтва Warsztaty Kultury і асобна ў беларускай вэрсіі не друкаваліся.
Гэта, вядома ж, не было б магчымым без падтрымкі мэцэнатаў. Асаблівая падзяка тут суполцы «Скарына» з Прагі, Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана са Злучаных Штатаў Амэрыкі, Беларускаму дабрачыннаму фонду Вялікай Брытаніі і шэрагу прыватных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне папярэдзілі: у кнігі будзе куратар». Уладзімер Арлоў прыехаў у Прагу з «Ордэнам Белай Мышы»Апрача гэтага, фонд Kamunikat.org выдаў зборнік Ганны Янкуты «Канстытуцыя». Гэта канцэптуальная кніга паэзіі, як напісана ў анатацыі, гэта «паэтычныя развагі на палях асноўнага дакумэнту, „летапісу катастроф“ беларускай штодзённасьці». Разам з асацыяцыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў» і кампаніяй «Будзьма!» быў выдадзены таксама культавы «Беларускі каляндар на 2023 год з малюнкамі і словамі на кожны дзень». Перавыдалі кнігу Віктара Марціновіча «Мова», а таксама разам зь Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» выдалі ўспаміны амэрыканскага беларуса-хірурга Анатоля Занковіча «Лёс беларуса: паміж Эўропай і Амэрыкай».
Асабліва варта адзначыць выданьне сумесна з Радай беларускай культуры кнігі «(Не)расстраляныя». У гэтым манумэнтальным выданьні прадстаўленыя лёсы 18 беларускіх пісьменьнікаў, расстраляных НКВД у 1937 годзе. Гэта кніга, якая вельмі важная і, несумненна, увойдзе ў гісторыю беларускай літаратуры.
Усе выдадзеныя Фондам кнігі найперш адрасуюцца беларусам, якія пакінулі сваю бацькаўшчыну з палітычных прычын. Таму на працягу году правялі мы больш за 20 прэзэнтацыяў гэтых кніг у найбольшых асяродках беларускай дыяспары. Наведалі, між іншым, Варшаву, Гданьск, Лодзь, Уроцлаў. Кнігі Ўладзімера Арлова прэзэнтаваліся таксама ў Вільні і ў Празе. Магла зь імі таксама пазнаёміцца беларуская нацыянальная меншасьць, бо аўтарскія сустрэчы адбыліся таксама ў Беластоку, Бельску Падляскім, Гайнаўцы і Гарадку.
Пры нагодзе амаль усіх прэзэнтацыяў мы ладзілі таксама кірмашы беларускіх кніг, якія — як правіла — карысталіся вялікай папулярнасьцю сярод беларускай дыяспары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ГУБАЗіК хацеў, каб я перастаў рабіць „няправільныя“ кнігі». Першае інтэрвію выдаўца Янушкевіча пасьля ад’езду зь БеларусіЧаму электронная бібліятэка стала шыльдай папяровых выданьняў
— 22 гады таму вы запачаткоўвалі Kamunikat.org як беларускую інтэрнэт-бібліятэку. Дэвізам яе стаў заклік «Беражы лес!». Аднак летась ён, відаць, страціў сваю надзённасьць. Вы пачалі выдаваць папяровыя кнігі. Чаму адбыўся такі паварот ад сучасных электронных да традыцыйных кніг?
— Пасьля падзеяў 2020 году Беларусь з палітычных прычын пакінулі сотні тысячаў грамадзян. Гэта ў асноўным актыўныя людзі, якія на сваёй радзіме пакінулі ўсё. У тым ліку і свае бібліятэкі-кнігазборы. Падчас кніжных кірмашоў, якія ладзіліся ў розных асяродках беларускай дыяспары ў Польшчы, да нас падыходзілі беларускія эмігранты, якія распавядалі, што ў Беларусі пакінулі тысячы кніг. Цяпер на чужыне пачынаюць ствараць свае новыя бібліятэкі. Асабліва ўразіў мяне расповед аднаго чалавека ў Гданьску, які сказаў, што ў Польшчу з радзімы прывезьлі яму толькі «Біблію» Скарыны і пару кніг Быкава і Караткевіча. «Усё іншае засталося дома, — казаў ён. — Там тысячы кніг. Тут трэба пачынаць з нуля, але некалькі дзясяткаў беларускіх кніг у мяне ўжо ёсьць». Гэта спрацоўвае настальгія. А можа таксама, як гавораць некаторыя, перанасычэньне рознага тыпу электроннымі гаджэтамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўсё, чым хочаш займацца прафэсійна, дае табе заробак». Размова з кіраўніком выдавецтва Skaryna Press у Лёндане— На сёньня ў замежжы дзейнічае сем, улучна з вашым, беларускіх выдавецтваў. Як вы ўзаемадзейнічаеце са сваімі калегамі? Супрацоўнічаеце? Канкуруеце? Змагаецеся за аўтараў, у якіх у Беларусі няма ўжо ніякіх шанцаў выдаваць свае кнігі?
— Безумоўна, мы супрацоўнічаем.
Пра канкурэнцыю і змаганьне за аўтараў я гаварыць ня стаў бы. Гэта ня тая сытуацыя, ня той этап. Можа, калі б выданьне беларускіх кніг было сапраўдным бізнэсам, які дае вялікі прыбытак, тады выдавецтвы пачалі б змагацца за аўтараў. Пакуль наша задача — даць беларусам, якія не па сваёй волі апынуліся на чужыне, беларускую кнігу. Застаецца яшчэ пытаньне, як з гэтай кнігай дайсьці да чытачоў. Практыка паказвае, што добрым шляхам зьяўляюцца прэзэнтацыі кніг і творчыя сустрэчы з удзелам аўтара. Але гэта дадатковыя кошты. Трэба думаць, як стварыць сталыя пункты продажу кніг у гэтых гарадах, дзе знаходзіцца найбольшыя асяродкі беларускай дыяспары. Магчыма, варта было б стварыць агульную плятформу ў інтэрнэце для замовы кніг розных беларускіх выдавецтваў. І мы гэта абмяркоўваем.
Нявырашаным і — здаецца — вырашальным застаецца пытаньне, якім чынам выдадзеныя за мяжою кнігі маглі б трапіць у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Клясыка, якая ня страціць важнасьці». Як праская «Вясна» выдае беларускую літаратуруРаспаўсюд папяровых выданьняў
— А як чытачы могуць займець вашы папяровыя выданьні? Дзе і ў які спосаб яны распаўсюджваюцца? Ці трапляюць вашы кнігі ў Беларусь?
— На гэты момант кнігі, выдадзеныя фондам Kamunikat.org, можна замовіць праз наш сайт, дзе ёсьць закладка «Крама». Можна таксама непасрэдна скласьці замову праз электронны адрас shop@kamunikat.org. Працуем таксама над стварэньнем інтэрнэт-крамы. Гэта, аднак, абумоўлена шэрагам чыньнікаў. Спадзяёмся, аднак, што раней ці пазьней такая крама сёлета ўзьнікне.
— Былі зьвесткі, што вы зьбіраецеся адчыніць свае кнігарні ў польскіх гарадах, дзе пасьля 2020 году ўтварыліся вялікія беларускія дыяспары. А што з гэтым у рэальнасьці?
— Не, кнігарняў у розных польскіх гарадах адчыняць не зьбіраемся. Зноў жа, ня той этап, а беларускія кнігі — не такі ўжо бізнэс, зь якога прыбытак мог бы такое дазволіць. Тым ня менш ня выключана, што ў розных польскіх і ня толькі польскіх гарадах, дзе значныя асяродкі беларускай дыяспары, узьнікнуць такія пункты продажу беларускіх кніг розных выдавецтваў. Над гэтым працуем разам зь іншымі выдавецтвамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапач, Кудасава, Бартосік, Знак. Найлепшыя кнігі 2022 годуАўдыёкнігі
— Кажуць, што калі хочаш насьмяшыць Бога, то раскажы яму пра свае пляны. Таму ня будзем гаварыць пра задуманае, а лепей яшчэ пра зьдзейсьненае, а менавіта пра аўдыёкнігі. Чаму да гэтага фармату вы так актыўна цяпер далучыліся?
— Першая аўдыёкніга пад лэйблам Kamunikat.org выйшла яшчэ ў 2012 годзе. Гэта былі ўспаміны Ларысы Геніюш, якія пад загалоўкам «Птушкі бяз гнёздаў» чытала Зінаіда Бандарэнка. Прадукцыя аўдыёкніг патрабуе, аднак, зусім немалых сродкаў, якіх на той час мы ня мелі, каб разгарнуць гэтую дзейнасьць.
Цяпер аўдыёкнігі робяцца ўсё больш папулярнымі. Іх можна слухаць у любым месцы і ў зручны нам час.
Былі запісаныя і апублікаваныя ў свабодным доступе раманы «Сядзіба» Алеся Аркуша, «Жэтон на мэтро» Андрэя Федарэнкі, «Ноч цмока» Валера Гапеева ды «Локісаў» Артура Клінава. Таксама зборнікі апавяданьняў «Восень у Вільні» Вінцэся Мудрова, «Самурай» Алеся Кіркевіча і аповесьць Барыса Пятровіча «Наіўны дэтэктыў». Таксама паставілі мы ў свабодны доступ дзьве часткі кнігі «Айчына» Ўладзімера Арлова ў выкананьні аўтара.
Калі зь Беларусі выехалі сотні тысячаў людзей, якія хочуць мець доступ да беларускай літаратуры, а ў самой Беларусі выдаць беларускую кнігу ўсё больш складана, варта было падумаць, якім чынам дайсьці з гэтай літаратурай да чытача. Аўдыёкнігі — гэта дасканалая магчымасьць. Асабліва калі яны ў свабодным доступе, а пакуль мы толькі такім чынам публікуем нашы аўдыёкнігі. Нашы аўдыёкнігі на адным толькі YouTube-канале «Камуніката» маюць сотні і тысячы праглядаў. Да гэтага трэба дадаць іншыя плятформы і магчымасьць загрузіць аўдыёкнігі з сайту «Камунікат».
Гэта амаль 70 гадзін сучаснай беларускай літаратуры! Усё гэта даступнае на сайце Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, на нашых каналах у YouTube і Soundcloud, а таксама на плятформах Anchor, Spotify, Castbox, Podcasts.apple.
Гэтую справу будзем працягваць, але — каб не насьмяшыць Бога — пра падрабязнасьці гаварыць ня буду.
— Напрыканцы дазвольце асабістае пытаньне. Што для вас уся гэтая вялікая і няпростая справа зь беларускімі кнігамі ў Польшчы: неабходнасьць, самарэалізацыя, прыбытак ці задавальненьне?
— Калі выбіраць з вышэй пералічанага, то гэта адназначна — неабходнасьць і задавальненьне :)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пытаюцца, ці не звар’яцеў я». Як беларус зь Беластоку радыкальна зьмяніў жыцьцё — і раіць іншым