Дзяржава бачыць у беларускамоўных палітычную пагрозу, — гісторык Цімафей Акудовіч

Мова фэст. Менск, 2019 год

Гісторык Цімафей Акудовіч адказвае на пытаньне, якой ідэяй кіруюцца ўлады, працягваючы рэпрэсіі; тлумачыць, чым была выклікана лібэралізацыя ў 2015–2019 гадах; і аналізуе, што перашкаджае Крамлю канчаткова анэксаваць Беларусь.

Сьцісла:

  • Лукашэнка, напэўна, паверыў, што нарэшце пачаў кантраляваць сытуацыю ў краіне.
  • У мэханізьме рэпрэсій ёсьць ядро, якое вызначае сябе як антыбеларускае, прарасейскае.
  • Расея сумняецца, ці спрабаваць гуляць ва ўмоўную незалежнасьць Беларусі. Тым больш што з намі ўжо ня надта і пагуляеш.
  • Для Крамля тут усё ўпіраецца ў Лукашэнку. Пакуль ён існуе, усе гэтыя тэчкі адкладзеныя ўбок.

— Цяперашнія рэпрэсіі, змаганьне з усім беларускім — які ў гэтым сэнс для ўладаў? Гэта проста іхная тактычная рэакцыя, спроба ўтаймаваць разварушанае грамадзтва, не дапусьціць новага жніўня 2020-га, ці гэта нейкая прадуманая стратэгія, накіраваная на пабудову новай краіны з паслухмянымі людзьмі, блізкай да таталітарных рэжымаў?

— Мне падаецца, улада ня мае разуменьня, якое грамадзтва яна хацела б бачыць. Такой візіі ніколі не было, цяпер няма пагатоў. Адзінае пажаданьне — каб грамадзтва было ціхае і не прэтэндавала на ўдзел у палітыцы. Ад самога пачатку да цяперашняга часу гэтая пазыцыя не памянялася: галоўнае, каб людзі заставаліся апалітычнымі.

Цімафей Акудовіч

Рэпрэсаваньне менавіта беларускамоўнай прасторы зьвязанае найперш з тым, што дзяржава бачыць у беларускамоўных палітычную пагрозу, што любая беларускамоўная ініцыятыва палітычна небясьпечная. Так было заўсёды. І калі цяпер часам падаецца, што да ўлады прыйшлі адэпты «русского мира» — я ўсё ж лічу, што гэта аднамомантная рэакцыя, спроба задушыць любую палітыку на корані.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году беларусы ня ведаюць, як удзельнічаць у пабудове сваёй краіны». Расказваем пра новы праект «Беларускія магістраты»

— Але хіба «так было заўсёды», як вы кажаце? Як можна ацаніць падзеі 2015–2019 гадоў, так званую лібэралізацыю? Магчыма, у той момант кіраўніцтва дзяржавы вырашыла, што лібэралізацыя і «мяккая беларусізацыя» толькі дапамогуць у гэтай мэце — дэпалітызацыі грамадзтва? То бок самыя актыўныя групы зоймуцца сваімі непалітычнымі праектамі і ня будуць лезьці ў палітыку?

— Я думаю, тут сышлося некалькі чыньнікаў. Лукашэнка на той момант ужо даўно быў пры ўладзе і, напэўна, дзесьці ён паверыў, асабліва пасьля выбараў 2015 году, што ён нарэшце пачаў кантраляваць сытуацыю ў краіне. Што нарэшце можна аслабіць лейцы, бо людзі сталі паслухмяныя самі па сабе. Што яны будуць займацца сваёй беларушчынай і ня будуць прэтэндаваць на палітыку.

Плюс: у ягонай камандзе сфармавалася кола чыноўнікаў, якія былі ўжо беларускімі чыноўнікамі (не постсавецкімі, а беларускімі). Якія вучыліся па бел-чырвона-белых падручніках, і нейкая мінімальная сымпатыя да беларушчыны ў іх была. Плюс спрацаваў чыньнік Крыму 2014 году, беларушчына стала выгаднай, гэта стала інструмэнтам аддаленьня ад Расеі. Усё разам сышлося, і атрымалася так, што гэта стала выгодным для ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цімафей Акудовіч: «Усю Беларусь як сыстэму трэба будаваць амаль што з нуля»

— Такім чынам, вы лічыце, што ніякай ідэйнай звышзадачы пабудаваць Паўночную Карэю ў Беларусі ўлады ня ставяць, яны маюць тую самую старую задачу — захаваць уладу і трымаць народ у ляяльнасьці, хаця б вонкавай? Але хіба няма такога эфэкту, што на фоне адсутнасьці масавых пратэстаў запушчаная машына рэпрэсій ужо працуе безь відавочнай мэты, сама па сабе?

— Гэты момант ёсьць. Любая запушчаная машына мае сваю інэрцыю, нейкі свой кірунак, і працуе ўжо не заўсёды згодна з воляй гаспадара. Я думаю, ім прасьцей знайсьці неляяльнага беларускамоўнага дзеяча, чым шукаць палітычна ненадзейнага ўнутры расейскамоўных беларусаў. А ў беларускамоўнага значна больш шанцаў знайсьці бел-чырвона-белы сьцяжок у тэлефоне.

Гэта працуе, гэта нагнятаецца, і, я думаю, у мэханізьме рэпрэсій ёсьць пэўнае ядро, якое вызначае сябе як антыбеларускае, прарасейскае, праславянскае. Можа, мы проста звонку гэтага ня бачым. Тым ня менш мне падаецца, што агульны кірунак ранейшы — палітычна заціснуць усіх беларусаў. Але пад раздачу найперш трапляюць беларускамоўныя дзеячы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які Каліноўскі патрэбны беларусам у ХХІ стагодзьдзі?

— Гэтае прарасейскае ядро ўжо можна ўбачыць. Той жа ГУБАЗІК адкрыта дэманструе расейскія сьцягі ў сваіх кабінэтах, каб тыя, хто там пабываў, выйшлі і ўсім пра гэта расказалі. Хапаюць тых, хто сказаў хоць нешта праўкраінскае, супраць вайны. І тут цікавае пытаньне: раней менскі рэжым душыў любыя занадта актыўныя прарасейскія праявы (можна ўзгадаць суд над публіцыстамі «Рэгнума»). Але цяпер такія прарасейскія дзеячы адчуваюць сабе надта вальготна — што ў прапагандзе, што ў асяродзьдзі сілавікоў. Няўжо рэжым ня бачыць у гэтым для сябе небясьпекі? Ці бачыць, але ўжо нічога ня можа зрабіць?

— Я думаю, адчувае небясьпеку. Іншае пытаньне, што калі ты запусьціў нейкі мэханізм, то не заўсёды можаш яго на сто працэнтаў адкалібраваць. Таму вымушаны мірыцца зь нейкімі «перагібамі» зь іхнага боку.

Пытаньне, наколькі Лукашэнка можа гэта спыніць? Пазваніць і сказаць: усё, прыбірайце там свае расейскія сьцягі? Я ня ведаю. І ня факт, што ён ведае. Раней ён мог. Мог даць адмашку адну, другую — і карабель лёгка падпарадкоўваўся загаду. А цяпер гэта такі цяжкі танкер, і невядома, як ім кіраваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі «зьнік» мільён беларусаў, а зь Беларусі — 600 тысяч расейцаў. Яшчэ раз пра парадоксы дэмаграфіі

— Даходзяць весткі, што ў беларускіх сілавых структурах канкрэтна сядзяць людзі з Расеі, якія як мінімум удзельнічаюць у працэсе, калі не кіруюць ім. Як Лукашэнка можа разруліць гэтую сытуацыю такой незвычайнай залежнасьці ад Расеі, якой ніколі не было ў гісторыі незалежнай РБ?

— Ён тактык. Ён вырашае задачы, які стаяць перад ім цяпер, вырашае іх па меры паступленьня. Спачатку галоўнай была задача захаваньня ўлады, ён яе вырашыў з дапамогай Расеі. Як цяпер улада можа даць рады новай праблеме, залежнасьці ад Расеі — я ня ведаю.

Але ж бачыце: зьяўляюцца нейкія заявы пра тое, што трэба прыдумаць, як «беглым» прабачыць. Але ўсё гэта не пераконвае, сытуацыя нейкая патавая, і як зь яе выходзіць — незразумела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку

— Многія кажуць, што ў Беларусі цяпер застаецца толькі фармальны сувэрэнітэт, і нават параўноўваюць з БССР. Але, можа, нават і фармальны сувэрэнітэт — гэта вельмі важна? Бо калі ёсьць незалежная дзяржава, то заўсёды сытуацыя можа скласьціся так, што незалежнасьць стане рэальнай, калі памяняецца ўлада.

— Цяжкасьць такога пытаньня спыняе і саміх «крамлёўскіх старцаў» ад канчатковай інкарпарацыі Беларусі, бо няясна, што з гэтай Беларусьсю рабіць. Проста захапіць і абвясьціць губэрняй? Вельмі складана, шмат мінусаў, незразумелыя наступствы.

А спрабаваць гуляць у гэтую ўмоўную незалежнасьць Беларусі? Дык з намі ўжо ня надта і пагуляеш. Проста мы пры найменшым шанцы можам саскочыць з гэтай умоўнай незалежнасьці ў рэальную. Беларусы ўжо зразумелі, што такое рэальная незалежнасьць. І пакуль што для Крамля тут усё ўпіраецца ў Лукашэнку. Пакуль ён існуе, усе гэтыя тэчкі адкладзеныя ўбок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна альфабэтаў. Сёньня выкрэсьліваюць «лацінку» — заўтра могуць забараніць беларускую мову