Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які Каліноўскі патрэбны беларусам у ХХІ стагодзьдзі?


Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Адзін з найпрыгажэйшых мітаў беларускай гісторыі — міт пра паўстаньне 1863–1864 гадоў і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага. Якім уяўляюць беларусы свайго легендарнага героя сёньня? Калі сфармаваўся міталягічны вобраз правадыра паўстаньня? Што ў ім праўда, а што выдумка? Ці варта пераглядаць яго? І які Каліноўскі патрэбны сучасным беларусам? Размова з гісторыкам, дасьледчыкам новай генэрацыі Цімафеем Акудовічам. Ён лічыць, што Каліноўскага можна назваць прарокам і першым грамадзянінам будучай Беларусі.

Ракіцкі: Цімафей, якім у сьвядомасьці і шараговых людзей, і, напэўна ж, бальшыні гісторыкаў захоўваецца аж да сёньня вобраз Кастуся Каліноўскага? Ці ня спрошчана яго ўспрымаюць беларусы?

Акудовіч: Вобраз Каліноўскага спрошчаны ў нашай сьвядомасьці да максымуму. І сёньня якушоўскі шляхціч Канстанцін Каліноўскі аказаўся нікому не патрэбны. У адных быў беларускі герой Кастусь, у іншых — польскі злачынец і садыст Вінцэнт. «Угрузьлі» ў гэтую гульню лялькамі нават аўтарытэтныя гісторыкі. У выніку, з аднаго боку, быў Кастусь Каліноўскі, які ўзначаліў найбуйнейшае ў ХІХ стагодзьдзі паўстаньне беларускага народу супраць нацыянальнага прыгнёту, друкаваў газэту, перамагаў у бітвах, гаварыў па-беларуску, напісаў верш, гераічна загінуў. А з другога боку, быў «Винцент Калиновский» — польскі шляхціч, які прыкінуўся беларусам, каб зьнішчыць паноў, адабраць у іх зямлю і перадаць сялянам, прытым ён дужа не любіў праваслаўных. І той, і той — шаблённыя вобразы, плоскія і нежывыя. Але яны вельмі зручныя для канструяваньня міталягемаў на падставе патрэбнай ідэалёгіі.

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Ракіцкі: Але ж быў рэальны, жывы чалавек. Няўжо нічога такога не засталося, што дазваляла б скласьці ягоны партрэт — чалавека пэўных усьведамленьняў, матывацыяў? Няўжо нельга зразумець ягоную псыхалёгію? Чаму?

Акудовіч: Натуральна ж, быў і рэальны чалавек, але такі, асоба якога вельмі няпростая для вытлумачэньня. Ужо той корпус тэкстаў, які ён пакінуў пасьля сябе, мусіць ставіць у тупік. Усе ведаюць «Мужыцкую праўду», і шмат хто нават чытаў нумары гэтай газэты. У ёй Каліноўскі — беларус (калі не па назьве, дык па сутнасьці), абаронца простага народу. Але месцамі — азлоблены фанатык, які заклікае забіваць і караць усіх «няправільных». Ужо значна менш людзей ведае пра існаваньне польскамоўнай газэты «Сhогągiew swobodу», у якой Каліноўскі паўстае тыповым польскім шляхцічам сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя і дбае пра адраджэньне Вялікай Польшчы. І тут ён — рамантычны юнак, які марыць пра зьдзяйсьненьне немагчымага. Дарэчы, ніхто так і не паклапаціўся, каб перакласьці гэтыя досыць невялікія паводле аб’ёму тэксты на беларускую ці расейскую мову. Нацыянальным гісторыкам, відаць, гэта непрыемна, а «рускацэнтрычным» хапае і некалькіх цытатаў зь першага нумару, каб «усё стала зразумела». І ўжо зусім невядомыя шырокаму чытачу тэксты — гэта нататкі, якія Каліноўскі напісаў у камэры пасьля абвяшчэньня прысуду, у чаканьні сваёй сьмерці. Напісаныя яны найчысьцейшай расейскай мовай (чыноўнікі ажно дзівіліся), паводле аб’ёму крыху меншыя за «Мужыцкую праўду». У іх Каліноўскі — спакойны, разважлівы назіральнік, які аналізуе сытуацыю збоку, тлумачыць прычыны паразы паўстаньня і нават дае парады сваім ворагам.

Турма Лукішкі. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні
Турма Лукішкі. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні

Ракіцкі: І якія яны, прычыны і парады? Вы можаце іх агучыць?

Акудовіч: Апошняя запіска завяршаецца наступнымі словамі:

«Кроме успокоения, правительство может иметь дальнейшие виды насчет здешнего края — они мне неизвестны; но из постоянных выражений общественного мнения России, высказываемых даже следственною комиссиею, я мог прийти к тому заключению, что Россия хочет полного с собою слияния Литвы для доставления счастья здешнему народу. Я не противник счастья народного, не противник и России, если она добра нам желает, но противник тех бедствий, которые посягают край наш несчастный.

А потому, если судьба нас ставит в положение, что мы должны сродниться с Россиею, я, для устранения многих лишних жертв при порождении нового времени и строя общественного в Литве, считаю со своей стороны обязанностью заявить несколько слов в этом отношении...»

І далей галоўны антырасейскі рэвалюцыянэр спакойна тлумачыць, чаму тактыка «выпаленай зямлі» і засяленьне яе расейскімі настаўнікамі і чыноўнікамі не прынясе плёну і як трэба рабіць правільна, каб на гэтых землях наступіў мір і спакой. Тэкст — нязручны ні на адной, ні на другой лініі ідэалягічнага фронту. Прычым да яго складана прычапіцца ў сэнсе пошуку схаваных матываў, бо Каліноўскі пісаў гэта, ужо ведаючы, што памрэ. Можа, таму гэты сапраўды цікавы і вельмі яркі тэкст фігуруе толькі ў працах прафэсійных гісторыкаў. А вобраз Каліноўскага застаецца вельмі шаблённым. Праз гэта і пачынаюцца хібы.

Ракіцкі: Шмат пытаньняў выклікае міт Каліноўскага. І найпершае — як разабрацца зь ягоным імем: Кастусь, Канстанцін ці Канстанцін Вінцэнт? Гэта важна сёньня ведаць, разумець?

Акудовіч: Гэта самая бяскрыўдная хіба міту — імя Кастусь. Відавочна, што Каліноўскага пасьля дваццаці гадоў так маглі называць толькі бацька ці брат. Тэарэтычна мы можам меркаваць, што яго так называлі ў дзяцінстве ўсе (дарэчы, неблагое было б дасьледаваньне — высьветліць, ці прысутнічала ў рэгіёне Беластоку — Ваўкавыску ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя традыцыя «ўзроставых імёнаў» і ці карысталіся такімі ў шляхецкіх сем’ях).

Але гэта наўрад ці мае дачыненьне да ягоных дарослых учынкаў. Ён паміраў як Канстанцін, і пра яго памяталі (а гэта было, хто б там што ні казаў) як пра Канстанціна Вінцэнта, пакуль на пачатку ХХ стагодзьдзя, дзеля таго каб наблізіць гэтага героя да народу, дадаць беларушчыны і такім чынам адарваць ад польскай традыцыі, беларускія дзеячы ня выкарысталі форму Кастусь. Атрымліваецца нібыта наватвор. Але за наступныя сто гадоў гэты «наватвор» набыў такі размах, што стаў адным з істотных «тэрмінаў» нашай нацыянальнай культуры. Сотні вершаў, дзясяткі паэмаў і п’есаў, фільм, партызанскі атрад, ордэн, вуліца і шмат чаго яшчэ. Ад такіх рэчаў ужо няпроста адмовіцца падчас чарговай рэвізіі нацыянальных скарбаў, нават калі гэтая рэвізія абгрунтаваная. «Кастусь Каліноўскі» стаў самадастатковым вобразам, напоўненым сэнсам і зьместам.

Кадар з фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». У галоўнай ролі — Раман Падаляка
Кадар з фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». У галоўнай ролі — Раман Падаляка

Ракіцкі: Яно так. Але... Двух гэтых Каліноўскіх можна паставіць у апазыцыю адзін да аднаго, бо ў іх сапраўды ёсьць некаторыя разыходжаньні. Менавіта на гэта і ціснуць усялякія «выкрывальнікі мітаў». Але ці ёсьць у гэтым здаровы сэнс?

Акудовіч: Кастусь і Канстанцін — асобы розных эпохаў. Канстанцін жыў у ХІХ стагодзьдзі, а Кастусь — у ХХ. Канстанцін — рэальны чалавек, выхаваны ў традыцыях польскамоўнай шляхты, змагаўся за самыя элемэнтарныя свабоды тутэйшых сялянаў, сярод якіх яшчэ не было акрэсьлена права на самавызначэньне, бо не было яшчэ значна прасьцейшых свабодаў. Кастусь — вобраз змагара, гэты вобраз нарадзіўся ў ХХ стагодзьдзі і дапамагаў у змаганьні за новыя свабоды тутэйшага люду, у тым ліку і за нацыянальнае самавызначэньне. І абодва Каліноўскія мусяць жыць у ХХІ стагодзьдзі. Адзін бліжэйшы да навуковай сфэры, другі — да мастацкай.

Ракіцкі: А цяпер давайце пагаворым пра ролю Каліноўскага ў тым гістарычным паўстаньні. Ці тут таксама ўсё вельмі моцна спрасьцілі мітатворцы?

Акудовіч: Так. Патрыятычная грамадзкасьць бачыць у ім цэнтральную асобу паўстаньня, чалавека, у якім сканцэнтраваўся ўвесь сэнс і большасьць найважнейшых падзеяў 1863 году. З прычыны такой вось цэнтраванасьці «гістарычнага» наратыву нават асоба Траўгута — апошняга дыктатара паўстаньня і нашага земляка — цяпер далёка ня ўсім вядомая, ужо ня кажучы пра Козел-Паклеўскіх, Юндзіла, Зьвяждоўскага, Лянкевіча, Трусавых і пра дзясяткі іншых годных камандзіраў, якія рызыкавалі сваім жыцьцём у 1863 годзе.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут

Зь іншага боку, «заходнерусы» ўскладаюць на Каліноўскага адказнасьць за ўсе сьмяротныя пакараньні з боку паўстанцаў. І паколькі ў літаратуры гуляе лічба ў нібыта дзьве тысячы забітых сялянаў і сьвятароў, дык у выніку атрымліваецца, што Каліноўскі адказны за зьнішчэньне цэлага невялікага гарадка ў Беларусі. Вельмі зручнае абагульненьне, калі хочацца зрабіць з чалавека тэрарыста. У публіцыстычную і нават навукова-папулярную тэрміналёгію цьвёрда ўвайшло слова «каліноўцы», «паўстанцы-каліноўцы», якое часта выкарыстоўваецца як абазначэньне ўсіх інсургентаў. Але гэта ўжо нават пэўная непавага да ўсіх «палявых» камандзіраў 1863 году.

Ракіцкі: «Палявых», як вы кажаце, камандзіраў было некалькі? Не адзін Каліноўскі вёў паўстанцаў на бой?

Акудовіч: Вось і вы паўтараеце міт, які не адпавядае гістарычнай праўдзе. Каліноўскі ўвогуле не вадзіў паўстанцаў у бой, ён быў ваяводзкім камісарам. Ягонае імя наўрад ці ведалі шарагоўцы, а для некаторых камандзіраў атрадаў ён быў, хутчэй за ўсё, адным са шматлікіх цывільных «бюракратаў паўстаньня», якіх трэба трымаць, каб паўстанцкі апарат дзейнічаў як сыстэма. Калі б высакароднаму шляхцічу Францішку Юндзілу, прадстаўніку старадаўняга і знакамітага слонімскага роду, які ахвяраваў на паўстаньне свой дабрабыт, шматлікія землі, гонар і лёс сваёй сям’і, залежных ад яго людзей, і які сам вадзіў атрады ў бой, сказалі, што яго ў будучыні будуць называць імем недавучанага студэнта, «якабінца» бяз гроша ў кішэні, які прывозіў яму ў лес кнігі бухгальтарскага ўліку (адзін з абавязкаў Каліноўскага на пасадзе камісара быў менавіта такі), то Юндзіл наўрад ці ўзрадаваўся б. Як і іншыя паўстанцкія камандзіры, чые імёны цяпер ведаюць толькі рэгіянальныя краязнаўцы і навукоўцы.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што не адзін Каліноўскі мае права называцца кіраўніком паўстаньня?

Акудовіч: Каліноўскі, відавочна, заслугоўвае права называцца кіраўніком паўстаньня ў Беларусі і Літве: ён стаяў ля вытокаў гэтай барацьбы, кіруючы рэвалюцыйнымі рухамі яшчэ ў 1862 годзе, ён і завяршыў гэтае паўстаньне, узышоўшы на шыбеніцу. Але замыканьне ў масавай сьвядомасьці ўсёй гісторыі 1863 году на адной асобе жорстка скажае праўду.

Вінцэнт (Вікенці) Козел-Паклеўскі, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў і яго кіраўнік на Вялейшчыне й Маладэчаншчыне
Вінцэнт (Вікенці) Козел-Паклеўскі, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў і яго кіраўнік на Вялейшчыне й Маладэчаншчыне

Ракіцкі: Што тычыцца сьветапогляду Каліноўскага, ягоных матывацыяў і задачаў, якія ён ставіў у часе паўстаньня, — ці можаце вы сказаць пераканана, адназначна, што ён меў на мэце: вызваленьне сялянаў ад прыгнёту — ці вызваленьне краю ад Расеі?

Акудовіч: Менавіта ў адказе на гэтае пытаньне застаецца вялікая блытаніна з гэтак званым «паўстаньнем Каліноўскага». Па-за ўвагай застаецца адзін вельмі важны фактар. «Яська-гаспадар з-пад Вільні» рыхтаваў рэвалюцыю, пачынаючы з 1862 году, але паўстаньне 1863 году ня стала ягонай рэвалюцыяй. Зь Пецярбургу гэты чалавек вярнуўся цьвёрдым сацыялістам. Для яго не такім істотным было аддзяленьне ад Расеі, на першым месцы стаяла свабода сялянаў. Вярнуўшыся ў 1862 годзе ў Беларусь і назіраючы хвалі сялянскай незадаволенасьці, якія разьбіваліся аб казацкія сотні і панскую хцівасьць, Каліноўскі і ягоныя аднадумцы плянавалі згуртаваць сілы простага люду і зрабіць «паўстаньне хлопаў», якое павінна было выбухнуць, але не ў 1863 годзе, а пазьней. Але ўсё адбылося па-іншаму: мяцеж узьнік у студзені 1863 году. У паўстанцкіх атрадах апынуліся не сяляне, а шляхта. Аднадумцаў Каліноўскага сярод іх была меншасьць. Большасьць складалі тыя, хто проста нясьцерпна марыў пра няісную Рэч Паспалітую і ня вельмі клапаціўся пра тое, каб зразумець, чаго канкрэтна ён хоча. Больш, чым «чырвоных», у гэты атрадах было аканомаў, арандатараў, «мировых посредников», тых, хто і выклікаў гнеў сялянаў у першую чаргу.

Ракіцкі: Ці разумеў Каліноўскі, што справа разьвіваецца ня так, як ён хацеў? Як рэагаваў на гэта?

Акудовіч: Думаецца, менавіта таму з-пад пяра Каліноўскага выходзілі фразы пра пакараньне дрэнных паноў і пра тое, што сякера «не павінна затрымацца над калыскай...». У роспачы ён хацеў прыцягнуць на свой бок масы простага люду абяцаньнем быць жорсткім з панамі, хоць і разумеў, што ўсё страчана. Дарэчы, ён і не памыліўся са сваёй стаўкай. Сяляне сапраўды выявілі вялікую злосьць і жорсткасьць да сваіх паноў, толькі зрабілі гэта на іншым баку. Але і здрадзіць справе ў такой сытуацыі Каліноўскі ўжо ня мог. Ён выявіў дзіўную дысцыплінаванасьць як на цывільнага чалавека, маладога і вельмі гарачага. Каліноўскі рашуча ўзначаліў «не сваё» паўстаньне, пагадзіўся на паніжэньне пасады, рабіў усё, што мог, на вызначаным яму месцы.

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году. 1955, холст, алей
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году. 1955, холст, алей

Ракіцкі: Ці ўжо ўсё сёньня вядома пра асобу Каліноўскага? Якія яшчэ важныя аспэкты, зьвязаныя з Каліноўскім, патрабуюць дасьледаваньня, навуковых разгадак? Ці справа толькі ў інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў?

Акудовіч: Якраз у навуковым асяродзьдзі Каліноўскі дасьледаваны досыць добра. З адным толькі «але». Усе гэтыя дасьледаваньні былі праведзеныя ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях. І вельмі не хапае новага пераасэнсаваньня асобы Каліноўскага ў стагодзьдзі ХХІ. Вельмі б хацелася, каб зьявілася дасьледаваньне на сумежжы навук і ў кантэксьце лякальнай гісторыі. Тое, што цяпер папулярна ў сусьветнай навуцы. Сапраўды, было б цікава даведацца, ці ўжывала на Сьвіслаччыне дробная шляхта ў ХІХ стагодзьдзі такую форму імя — Кастусь? Нібыта нязначнае пытаньне, але можа стацца досыць цікавым дасьледаваньнем. Або паспрабаваць прасачыць, як паўплывала на рэлігійныя погляды Каліноўскага (ягоную зацятую антыправаслаўнасьць) асяродзьдзе, у якім ён выхоўваўся. Бо калі прыгледзецца, то адзін з буйных выступаў уніятаў супраць пераходу ў праваслаўе быў у Поразаве, што недалёка ад Сьвіслачы, і ён быў жорстка здушаны. Ці мела гэта ўплыў на Каліноўскага? Карацей, паглядзець на ўсе тыя важныя дробязі эпохі, якія ў выніку сфармавалі будучага паўстанца. Таксама, як мне падаецца, вельмі цікавым было б дасьледаваньне пра створаны ў ХХ стагодзьдзі вобраз Кастуся Каліноўскага: як ён разьвіваўся і на што ўплываў сам, чаму да яго актыўна зьвярталіся?

Ракіцкі: Паспрабуйце сканструяваць ваш міт пра Каліноўскага. Як ён павінен гучаць? І як яго варта ўспрымаць сучасным беларусам, беларускай нацыі ў ХХІ стагодзьдзі? Таксама — які Каліноўскі патрэбны сучасным беларусам?

Акудовіч: Каліноўскі патрэбны праўдзівы, такі, які ён быў насамрэч, ва ўсіх супярэчнасьцях. Што тычыцца міту, тут усё проста. Каліноўскі — адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў на беларускіх землях, змагар за сялянскае шчасьце. Гэта калі суха. Калі глыбей, то, напэўна, Каліноўскага можна лічыць ці ня першым прарокам беларускага народу. Бо ўсё ягонае жыцьцё, таксама і сьмерць, сталіся маніфэстам, на якім будавалася беларуская нацыя цягам ХХ стагодзьдзя. Калі зусім мэтафарызаваць, дык думаю, што можна нават назваць Каліноўскага першым грамадзянінам будучай Беларусі. Бо менавіта ён першым змог адысьці ад шляхецкіх ідэалягічных установак XVIII стагодзьдзя і намацаць разуменьне пабудовы нацыі ў ХХ стагодзьдзі на аснове грамадзянскай роўнасьці. Але было яшчэ вельмі рана.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG