У катастрофе верталёта пад Кіевам загінула кіраўніцтва МУС Украіны

На месцы падзеньня верталёта. Бравары, 18 студзеня 2023

Верталёт упаў на будынак дзіцячага садка ў горадзе Бравары, што за 30 кілямэтраў ад украінскай сталіцы.

У горадзе Бравары, за 30 кілямэтраў ад Кіева, на будынак дзіцячага садка ўпаў верталёт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У авіякатастрофе пад Кіевам загінула больш за 10 грамадзян. Ратавальнікі працягваюць пошукі. ФОТА

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ігар Кліменка паведаміў, што раніцай 18 студзеня ў Браварах разьбіўся верталёт Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях.

У выніку авіякатастрофы загінула кіраўніцтва МУС, якое ляцела ў Харкаўскую вобласьць:

  • міністар Дзяніс Манастырскі,
  • першы намесьнік міністра Яўген Енін
  • і дзяржсакратар Юры Лубковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым запомніўся і што казаў пра Беларусь кіраўнік МУС Украіны, які загінуў у авіякатастрофе

У структуры Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ёсьць яшчэ 5 намесьнікаў міністра.

Міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастарыскі, травень 2022

Усяго вядома пра 18 загінулых, зь іх 9 знаходзіліся на борце верталёта. У ліку ахвяр двое дзяцей. Спачуваньні ў сувязі з трагедыяй выказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Невыказны боль. Верталёт упаў на тэрыторыю аднаго з дзіцячых садкоў. Даручыў Службе бясьпекі Ўкраіны ва ўзаемадзеяньні з Нацыянальнай паліцыяй Украіны і іншымі ўпаўнаважанымі органамі высьветліць усе абставіны таго, што адбылося. На месцы трагедыі працуюць усе службы. Мае спачуваньні ўсім родным і блізкім загінулых.

Дзяніс, Яўген, Юры, каманда МУС... Сапраўдныя патрыёты Ўкраіны. Сьветлая памяць! Сьветлая памяць усім, чыё жыцьцё забрала гэтая чорная раніца!», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

У Нацыянальнай паліцыі паведамілі, што сьледчыя працуюць на месцы падзеньня верталёта, каб вызначыць прычыны падзеньня.

Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледчыя разглядаюць тры вэрсіі падзеньня верталёта: парушэньне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасьць верталёту, наўмысныя дзеяньні для зьнішчэньня транспартнага сродку. Сьледчыя праводзяць комплекс сьледча-апэратыўных захадаў, каб вызначыць усе прычынна-выніковых сувязяў і дэталяў трагедыі.

На месцы падзеньня верталёта. Бравары, 2023

Сьведкі падзеньня верталёта расказалі, што па гуку думалі, што ляціць дрон, але потым пабачылі, што верталёт загарэўся яшчэ ў паветры і толькі потым упаў. Пры падзеньні ён зачапіў дзіцячы садок.

На месцы падзеньня верталёта. Бравары, 18 студзеня 2023

Зь месца здарэньня эвакуююць грамадзян. Паводле інфармацыі мясцовага тэлеканала «Магнолія-ТВ», верталёт, як мяркуецца, падчас падзеньня зачапіў будынак дзіцячага саду, а затым па інэрцыі паляцеў у бок шматпавярховага жылога дома, упаў каля аднаго з пад’ездаў.

На месцы падзеньня верталёта. Бравары, 18 студзеня 2023

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма гораду, дзе не было б ахвяр». МУС Украіны аб ваенных злачынствах Расеі на акупаваных тэрыторыях