Кірыла Цімашэнка, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, паведаміў, што на борце верталёта, які ўпаў у Браварах пад Кіевам, знаходзіліся 9 грамадзян, усе яны загінулі.
Некалькі чалавек загінулі на зямлі ў выніку падзеньня верталёта паблізу дзіцячага садка.
«Ратавальнікі працягваюць разбор завалаў. Дай Божа, каб там не было дарослых і дзяцей, але працуем хутка, каб хутчэй разабраць перакрыцьце, якое ўпала ў дзіцячым садку, у адной з сэкцый. Мы пацьвярджаем гібель кіраўніцтва МУС», — паведаміў Кірыла Цімашэнка на брыфінгу ў Браварах, на месцы трагедыі.
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў паведаміў, што па факце падзеньня верталёта завялі крымінальную справу.
«Будзе вельмі вялікі аб’ём сьледчых дзеяньняў, каб высьветліць усе абставіны», — сказаў ён.
Паводле яго, пакуль што вядома, што верталёт доўгі час ляцеў на вельмі нізкай вышыні.
«Але аб прычынах падзеньня верталёта можна будзе гаварыць толькі пасьля правядзеньня адпаведных экспэртыз», — дадаў Андрэй Небытаў.
Усяго вядома пра 18 загінулых, зь іх 9 знаходзіліся на борце верталёта. У ліку ахвяр двое дзяцей. Спачуваньні ў сувязі з трагедыяй выказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Невыказны боль. Верталёт упаў на тэрыторыю аднаго зь дзіцячых садкоў. Даручыў Службе бясьпекі Ўкраіны ва ўзаемадзеяньні з Нацыянальнай паліцыяй Украіны і іншымі ўпаўнаважанымі органамі высьветліць усе абставіны таго, што адбылося. На месцы трагедыі працуюць усе службы. Мае спачуваньні ўсім родным і блізкім загінулых.
Дзяніс, Яўген, Юры, каманда МУС... Сапраўдныя патрыёты Ўкраіны. Сьветлая памяць! Сьветлая памяць усім, чыё жыцьцё забрала гэтая чорная раніца!» — напісаў Уладзімір Зяленскі.
Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледчыя разглядаюць тры вэрсіі падзеньня верталёта: парушэньне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасьць верталёта, наўмысныя дзеяньні для зьнішчэньня транспартнага сродку. Сьледчыя праводзяць комплекс сьледча-апэратыўных захадаў, каб вызначыць усе прычынна-выніковыя сувязі і дэталі трагедыі.