На афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны зарэгістравалі ініцыяваную дэпутатам парлямэнту Аляксеем Ганчарэнкам пэтыцыю аб неабходнасьці разрыву дыпляматычных дачыненьняў зь Беларусьсю.
«Пасьля фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе Беларусь знаходзіцца пад уладай дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Цяпер краіна дэ-факта страціла дзяржаўнасьць і незалежнасьць і знаходзіцца пад поўным кантролем Расеі», — адзначаецца ў пэтыцыі.
У ініцыятыве адзначаецца, што 24 лютага 2022 году Беларусь стала пляцдармам для наступу расейскіх войскаў на Кіеў. Цяпер у Беларусі знаходзяцца каля 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама расейская вайсковая тэхніка і самалёты.
«З тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ ёсьць пагроза наступу. Лукашэнка працягвае рабіць недвухсэнсоўныя заявы, пагражаючы ўладзе Ўкраіны і нагнятаючы сытуацыю вакол наступу. І адначасова з гэтым у Менску знаходзіцца ўкраінскі пасол і мы захоўваем дыпляматычныя дачыненьні зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», — гаворыцца ў пэтыцыі.
За некалькі хвілін пад пэтыцыяй падпісаліся больш за 200 грамадзян.
Паводле заканадаўства, у выпадку, калі пэтыцыю падтрымаюць 30 тысяч грамадзян, яе абавязаны разгледзець прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адказаў на пэтыцыю аб наданьні ўкраінскага грамадзянства беларускім добраахвотнікам ва ЎкраінеУ кастрычніку 2022 году Ўладзімір Зяленскі даручыў Кабінэту міністраў Украіны разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму зь Беларусьсю. Такія даручэньні ўкраінскі прэзыдэнт зрабіў пасьля таго, як пэтыцыю з такімі прапановамі, зарэгістраваную 4 ліпеня, падпісалі больш за 30 тысяч грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны ў Беларусі не падтрымаў ініцыятывы пра ўвядзеньне паміж краінамі візавага рэжыму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дзяржаўнай тэлевізіі абвінавацілі амбасаду Ўкраіны ў Менску ў вэрбаваньні людзей на вайну. Пасол адказаў