Прававы абсурд як норма. Улады імкнуцца канчаткова пазбавіцца ад неляяльных грамадзян

У беларускім судзе. Архіўнае фота

Завочныя суды над апазыцыянэрамі адметныя тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі набываюць новую якасьць.

Сьцісла:

  • Створана цэлая сыстэма рэпрэсіўнага заканадаўства.
  • Сфармавана і пастаўлена на канвэер судовае вядзеньне ў «палітычных» справах.
  • Абвінавачаньні з боку сьледзтва і пракуратуры ўсё часьцей маюць не прававы, а палітычны характар.
  • З дапамогай рэпрэсій улады імкнуцца зьмяніць электаральную карціну краіны на сваю карысьць.

У Менску распачаўся завочны суд над Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Марыяй Мароз, Вольгай Кавальковай і Сяргеем Дылеўскім. Гэта ўжо ня першы завочны працэс у Беларусі. Так, адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі», а таксама кіраўнікам Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені далі па 12 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»

Завочныя суды над апазыцыянэрамі адметныя тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі набываюць новую якасьць. Яна выяўляецца ў некалькіх кірунках.

Найперш, створаная цэлая сыстэма рэпрэсіўнага заканадаўства. Законы аб завочных судах, аб пазбаўленьні грамадзянства, аб канфіскацыі маёмасьці і шэраг іншых накіраваны ў першую чаргу супраць беларусаў-эмігрантаў. Яны ствараюць перадумовы, каб выкінуць з грамадзкага жыцьця краіны не ляяльных да кіроўнага рэжыму грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра свой завочны суд: «Перад судом павінен паўстаць дыктатар Лукашэнка і ягоныя паплечнікі»

Таксама сфармавалі і паставілі на канвэер судовае вядзеньне ў «палітычных» справах. Вось завочныя суды ўжо ідуць адзін за адным.

Важна зьвярнуць увагу, што абвінавачаньні з боку сьледзтва і пракуратуры носяць усё больш не прававы, а палітычны характар, але ўлады гэтага нават не хаваюць.

Так, напрыклад, у судзе над супрацоўнікамі рэсурсу Tut.by пракуратура абвінавачвае журналістаў у тым, што апублікаваныя там інфармацыйныя матэрыялы зьмяшчалі «заведама пазытыўную ацэнку дзеяньняў апанэнтаў улады», а таксама «нэгатыўнае адлюстраваньне рашэньняў службовых асоб».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Паўла Белавуса, якога вінавацяць у «нацыяналізьме»

Цікавыя абвінавачаньні выставілі супраць грамадзкага дзеяча і прадпрымальніка Паўла Белавуса. На думку Сьледчага камітэту, «у 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансьляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы, ...распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

Абвінавачаньні ў адрас экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева — яшчэ адзін прыклад прававога абсурду. Сьледзтва бачыць злачынства ў тым, што той шмат разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. «Сьледзтва мяркуе, што наяўнасьць кантактаў у Дзьмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сьведчыць аб каардынацыі ягонай „палітычнай“ дзейнасьці з-за мяжы. Ёсьць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў зь дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста зь яго былой кіраўніцай Гілары Клінтан», — падкрэсьліваюць у паведамленьні Сьледчага камітэту. Для даведкі: сустрэча Гілары Клінтан зь лідэрамі беларускай апазыцыі адбылася ў 2010 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дзьмітрыева завялі крымінальную справу, яго вінавацяць у сустрэчы з Гілары Клінтан і 599 перасячэньнях дзяржаўнай мяжы

Лішне казаць, што ўсе гэтыя абвінавачаньні не грунтуюцца на законе. Яшчэ не пасьпелі прыняць прававыя акты, якія забараняюць крытыку ўлады, пашырэньне ідэяў беларускага нацыяналізму ці перасячэньне мяжы і сустрэчы з прадстаўнікамі Захаду. Магчыма, гэта яшчэ напрадзе. Аднак на судзе ўсё гэта трактуецца як крымінальнае злачынства.

Акрамя запалохваньня ўсіх незадаволеных, маральнай кампэнсацыі за траўму, атрыманую ў 2020 годзе, гэтае рэпрэсіўнае заканадаўства заклікана вырашыць шэраг цалкам прагматычных задач.

Пазбаўленыя грамадзянства апанэнты аўтаматычна страчваюць магчымасьць удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты і дэпутаты. Так лёгка і проста можна пазбавіцца ад канкурэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Які суд? Гэта цырк». Латушка пра «завочны суд» над ім, Ціханоўскай ды іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»

З улікам таго, што за мяжу эмігравалі некалькі сотняў тысяч чалавек і гэты працэс працягваецца, дзейны рэжым можа выштурхнуць за мяжу без права вяртаньня назад вялікую колькасьць незадаволеных. І такім чынам зьмяніць электаральную карціну краіны на сваю карысьць. Прыхільнікі Лукашэнкі могуць апынуцца ў большасьці. І тады можна будзе праводзіць выбары безь вялікіх асьцярог.

А з дапамогай канфіскацыі маёмасьці ў праціўнікаў улады можна забясьпечыць жыльлём усіх сілавікоў.

Сёньня такая пэрспэктыва здаецца фантастычнай. Але яшчэ зусім нядаўна ніхто ня мог уявіць цяперашняга маштабу палітычнага тэрору.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.