З 1 красавіка ў Беларусі бязмытныя ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы наземным транспартам скароцяць у два разы

Мытня

Ліміты на бязмытны перавоз зьнізяць да 500 эўра па цане і 25 кіляграм па вазе.

З 1 красавіка ў Беларусі пераглядзяць бязмытныя ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы праз наземныя межы. У табліцы Дзяржаўнага мытнага камітэту ўжо ўказваецца дата зьмяненьня лімітаў — 1 красавіка 2023 году.

Цяпер «столь» — да 1000 эўра і 31-га кіляграму. Гэта значыць бязмытыя ліміты па кошце маюць намер скараціць у два разы.

Цяперашнія бязмытныя ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы праз наземныя межы ўвялі на ўзроўні Эўразійскага эканамічнага зьвязу ў красавіку 2022 году — да 1 кастрычніка, а потым працягнулі яшчэ на паўгода — да 1 красавіка 2023 году.

Калі перавысіць ліміты, трэба будзе заплаціць мыта ў памеры 30% ад кошту, але ня менш за 4 эўра за 1 кіляграм перавышэньня. Што тычыцца правозу цыгарэт, то, як і цяпер, так і ў красавіку, ліміт — 200 цыгарэт, або 50 цыгар (цыгарыл), або 250 грамаў тытуню (або гэтыя тавары ў асартымэнце агульнай вагой ня больш за 250 грам на аднаго паўналетняга). Абмежаваньні па алькаголю — 3 літры на аднаго паўналетняга.

Калі ляцець самалётам, тады бяспошлінныя ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы складаюць 10 000 эўра і 50 кіляграм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі рэкордную з 2000 году партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенская вобласьць зноў увяла збор за перасячэньне мяжы — па 37 рублёў за машыну