Суд над палітвязьняволеным адвакатам Віталём Брагінцам зрабілі закрытым, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Брагінца абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Заснавальніка адвакацкага бюро «Брагінец і партнэры» Віталя Брагінца затрымалі супрацоўнікі КДБ 23 траўня 2022 году ў Менску на выхадзе з дому. Пазьней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на дачыненьне да пратэставай дзейнасьці». Адтуль адвакат, як сьцьвярджалася ў судзе, «паспрабаваў пайсьці», што было расцэнена як непадпарадкаваньне. На падставе гэтага склалі пратакол паводле адпаведнага арт. 24.3 КаАП. У выніку Брагінца арыштавалі на 15 дзён. На волю ён мусіў выйсьці ўвечары 7 чэрвеня, але гэтага не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога адваката Бяляцкага Віталя БрагінцаСярод іншых Брагінец прадстаўляў інтарэсы заснавальніка і кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, які стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году. Таксама ён быў адвакатам свайго калегі Андрэя Мачалава, аднак праз затрыманьне ня змог да канца выканаць сваю працу. 16 чэрвеня таго прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 380 КК (выкарыстаньне заведама фальшывых дакумэнтаў) — за ўдзел у судзе ў якасьці абаронцы, быўшы пазбаўленым ліцэнзіі. Мачалаў настойваў, што яму пра гэта не было вядома.
У Беларусі шэсьць адвакатаў прызнаны палітзьняволенымі. З пачатку 2021 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Зьліквідавана каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 адвакатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скончылася сьледзтва ў справе адваката Данілевіча. Яго вінавацяць у падрыхтоўцы лістоў на адрас кампаніі Yara