Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе распачаўся судовы працэс над палітзьняволеным адвакатам Віталём Брагінцом. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»),
- ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да санкцый»),
- ч.1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»),
- ч. 1 арт. 342 («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу разглядае судзьдзя Алена Ананіч, піша «Вясна».
Віталя затрымалі летась 23 траўня і двойчы запар арыштавалі на 15 дзён. Як расказалі праваабаронцам яго сукамернікі, у Брагінца знайшлі фота з акцый пратэсту, але яго самога на іх не было, таму ня ведалі, што яму інкрымінаваць.
У выніку Віталю адразу выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 КК, але канчатковае абвінавачаньне пашырылася ажно да чатырох артыкулаў КК.
9 верасня 2022 году МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» Telegram-чат «Беларускiя адвакаты».
Брагінец абараняў некаторых палітвязьняў, у тым ліку старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама адваката Андрэя Мачалава, які на судзе застаўся без абароны праз арышт Віталя.