«У ходзе расьсьледаваньня высьветлена, што, нягледзячы на наяўнасьць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сфэры, адвакат вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Ён актыўна садзейнічаў працэсам фармаваньня публічных заклікаў экстрэмістаў да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспубліцы Беларусь. Каб дэстабілізаваць эканамічнае становішча, абвінавачаны займаўся дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнэрамі», — напісаў СК у сваім камюніке.
Дзеяньні Аляксандра Данілевіча сілавікі кваліфікавалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 (дапамога ў закліках да захадаў абмежавальнага характару);
- ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
«Адным зь яскравых прыкладаў злачыннай дзейнасьці Данілевіча зьяўляецца падрыхтоўка лістоў і дакумэнтаў на адрас нарвэскай кампаніі Yara», — адзначылі ў СК.
Расьсьледаваньне крымінальнай справы завяршылася, матэрыялы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
Yara — нарвэская кампанія, што супрацоўнічала зь беларускім дзяржаўным прадпрыемствам «Беларуськалій». У Беларусі стала вядомай галоўным чынам праз сваё нежаданьне адмаўляцца ад супрацоўніцтва з салігорскім прадпрыемствам, нягледзячы на пачатак страйку рабочых на прыдпрыемстве і наступныя суды над імі. Толькі на пачатку 2022-га нарвэжцы спынілі супрацу зь «Беларуськаліем».
Хто такі Аляксандар Данілевіч
Аляксандар Данілевіч — знаны адвакат, які спэцыялізуецца на прадстаўленьні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камэрцыйным арбітражы.
У красавіку 2022 году Аляксандра звольнілі з прычыны ягонай грамадзянскай пазыцыі з факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Ён працаваў там 20 гадоў. Аляксандар перастаў выходзіць на сувязь 20 траўня 2021 году. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Данілевіч падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеяньняў ва Ўкраіне, за гэта на яго завялі дысцыплінарную справу і звольнілі з факультэту міжнародных зносін.
Адвакат абараняў чальцоў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, напрыклад гандбольнага трэнэра Канстанціна Якаўлева; ён сам актыўна займаецца спортам — веславаньнем, роварам. Зьяўляецца адным з папулярызатараў рэгбі ў краіне і гуляе ў яго сам. Валодае, акрамя беларускай, яшчэ ангельскай, расейскай, францускай і італьянскай мовамі. Сацыяльныя сеткі вядзе па-беларуску.
Данілевіч выступаў за свабоду беларускім журналістам, якія сталі палітзьняволенымі.
Ён аўтар разьдзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусьветнай энцыкляпэдыі. Валодаў адвакацкім агенцтвам «Данілевіч і Валожынец».