Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю вырашыла надалей абмежаваць рост цэнаў на разабраную курыцу. Прыгадваем, з чаго ўсё пачалося і што цяпер з разабранай курыцай.
Рэгуляваньне цэнаў, якое было ўведзена ў кастрычніку і дзейнічала тры месяцы, зараз працягваецца яшчэ на 80 дзён. Пастанова набывае моц 14 студзеня.
Самі цэнавыя абмежаваньні застаюцца ранейшыя:
— адпускныя цэны на часткі тушкі курэй, куранят-бройлераў фармуюцца зыходзячы з адпускной цаны вытворцы або цаны закупкі, з улікам каньюнктуры рынку, устаноўленых Саўмінам абмежаваньняў, нормаў выхаду, каэфіцыентаў харчовай каштоўнасьці частак тушкі;
— цана дзьвюх паўтушак або пярэдняй і задняй чвэртак тушкі з улікам іх нормаў выхаду і каэфіцыентаў харчовай каштоўнасьці не павінна перавышаць цаны самой тушкі;
— цана іншых частак тушкі не павінна перавышаць цаны тушкі, павялічанай на 10%;
— калі часткі тушкі прадаюцца ва ўпакоўцы, то да адпускной цаны тавару можна далічыць упакоўку па цане яе набыцьця;
— астатнія пытаньні цэнаў на часткі курэй рэгулююцца заканадаўствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад падоўжыў рэгуляваньне цэнаў на разабраных курэй на 80 дзёнШто цяпер з курыцай у крамах
Мы папрасілі чытачоў паглядзець, ці ёсьць на паліцах крамаў разабраная курыца і за якія цэны.
«У крамах ёсьць курыца фабрычнай разборкі, няма той, якую разьбіраюць самі крамы. Цана нібыта не зьмянілася», — кажа жыхарка Менску.
«У „Кароне“ каля дому ёсьць разабраная курыца, а што да цэнаў, дык падаецца, што цяпер усё падаражэла», — кажа іншая жыхарка Менску.
Людзі кажуць, што ў вялікіх крамах з курыцай праблем няма, як з разабранай, так і з цэлай. А вось у малых крамах яна бывае не заўжды.
Глядзім цэны паводле Белстату. У кастрычніку, калі зьявілася забарона на павышэньне цэнаў, кіляграм паўфабрыкатаў зь мяса птушкі каштаваў 5,70 рубля за кіляграм. У сьнежні — 5,99 рубля за кіляграм. Рост +4,8% з кастрычніка.
У е-дастаўцы знаходзім паўфабрыкаты з курыцы на любы густ: галёнка, бёдры, кумпячкі ды інш. А вось цэлай курыцы чамусьці няма.
Чаму раптам «узяліся за курыцу»
20 верасьня ў TikTok зьявіўся ролік, дзе жанчына расказвае, што цэлую курыцу ў краме набыць немагчыма — толькі разабраную, а каштуе яна даражэй.
Справа ў тым, што цэлая курыца — гэта сацыяльна значны тавар, цэны на які рэгулюе дзяржава. А разабраная — гэта ўжо не сацыяльна значны тавар, і таму можа каштаваць даражэй.
6 кастрычніка Лукашэнка праводзіць нараду, дзе разносіць чыноўнікаў за «дохлую курыцу».
«Расчлянілі дохлую курыцу, увапхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар! Новы хлеб або разборка тушак на часткі, як вы называеце. А людзі вымушаны купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па вышэйшай цане. Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураняці каштуе 2 рублі, а напалову расчлянёная — 5 рублёў, да прыкладу», — абураўся Лукашэнка.
7 кастрычніка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю прыняло пастанову, якая рэгулюе цэны на курыцу і яе часткі.
Цана дзьвюх паўтушак не павінна перавышаць цаны самой тушкі, а цана іншых частак тушкі — цаны тушкі, павялічанай на 10%.
На курынае філе ўстаноўленая гранічная максымальная аптовая надбаўка, гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) у памеры 15%.
12 кастрычніка ўрад выдаў пастанову, якая забараняе крамам самім разьбіраць курыцу. Аднак забарона ня тычыцца часткова апрацаваных паўфабрыкатаў, напрыклад, калі курыцу замарынавалі, высушылі, завэндзілі ці інш.