«Аддалены пасыл» аб поўнай уніфікацыі падатковага заканадаўства Беларусі і Расеі зьмяшчаецца ў саюзных праграмах, аднак у гэтым выпадку Менск можа страціць магчымасьць падтрымліваць існы ўзровень пэнсій, заявіў на тэлеканале «Беларусь-1» міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў.
«Такія тэзісы запісаны ў саюзных праграмах, але трэба глядзець, для чаго патрэбна гэта ўніфікацыя, што гэта дасьць», — сказаў ён.
Паводле беларускага міністра, у РФ «ніжэйшыя адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны (Пэнсійны фонд Расеі), чым у нас».
«Па сутнасьці, калі былі добрыя часы, нашы калегі субсідавалі частку выдаткаў, перадаючы туды трансфэрты. Мы раней таксама так рабілі. Але калі стала пытаньне аб тым, што гэтая сума пачынае нарастаць, пэнсіянэраў стала больш, паднялося пытаньне, што неабходна альбо падымаць пэнсійны ўзрост — што ў нас паэтапна было зроблена — альбо павялічваць памер субсыдый. І гэта пры тым, што нашыя адлічэньні былі вышэйшымі», — заявіў Селіверстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё магло быць і горш». Вынікі 2022 году ў беларуска-расейскіх адносінах ад Вадзіма МажэйкіПаводле яго дадзеных, у калег у Расеі гэта вырашалася павелічэньнем субсыдаваньня фонду.
«Таму цяпер узьнікае пытаньне: калі гэтыя рэчы ўніфікаваць, ці будуць яны падымаць свае адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны? Тут ім лепш відаць. Але мы свае дакладна апускаць ня будзем, таму што гэта адаб’ецца на ўзроўні даходу фонду і на магчымасьці падтрымліваць той узровень пэнсій, які неабходны грамадзянам», — сказаў кіраўнік Мінфіну.
12 студзеня на нарадзе па інтэграцыі з Расеяй Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стварэньне наднацыянальнага падатковага камітэту не прывядзе да «страты нейкай часткі нашага сувэрэнітэту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не былі так блізка да страты эканамічнага сувэрэнітэту». Што стаіць за аб’яднаньнем падатковых сыстэм Беларусі і Расеі