Рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі, якія перавозілі чыгункай, затрымалі ў Вільні. У ёй было 672 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт на суму больш за 2,5 мільёны эўра. Гэты груз зьяўляецца самай буйной кантрабандай, затрыманай літоўскімі памежнікамі з 2000 году, паведамляе Delfi.lt.
29 сьнежня ў Вільні на чыгуначнай станцыі Панярай літоўскія памежнікі праверылі 3 вагоны грузавога цягніка, які прыехаў у Літву зь Беларусі, і знайшлі ў іх знайшлі вялікія мяшкі з грануламі сланечніка, сярод якіх былі каробкі з цыгарэтамі. На месцы выгрузіць і пералічыць кантрабандныя цыгарэты не ўдалося, таму вагоны адчапілі і адправілі па чыгунцы ў Кену: там чыгуначная станцыя мае неабходнае абсталяваньне і ўмовы для ператрусу.
Як высьветлілася, у трох затрыманых памежнікамі вагонах было схавана 672 тысячы пачкаў розных відаў кантрабандных цыгарэт зь беларускімі этыкеткамі. Кошт такога грузу ў Літве з улікам усіх абавязковых падаткаў складае больш за 2,6 млн. эўра. Гэта найбуйнейшы перахоплены кантрабандны груз за ўсю гісторыю працы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы з 2000 году. Пачата дасудовае расьсьледаваньне па факце незаконнага збыту акцызных тавараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі затрымалі беларускія кантрабандныя цыгарэты на 1,6 млн даляраўУ 2022 годзе літоўскія памежнікі перадухілілі трапляньне на чорны рынак 4,3 млн пачкаў цыгарэт, абсалютная большасьць якіх была прывезеная зь Беларусі. Гэта была самая вялікая гадавая колькасьць нелегальных цыгарэт, затрыманых Літвой за больш як два дзесяцігодзьдзі.
Значнае павелічэньне аб’ёмаў перахопленай у Літве кантрабанды цыгарэт летась у параўнаньні з папярэднімі гадамі зьвязана з новымі і больш эфэктыўнымі мерамі памежнай аховы і перахопам вялікіх партый тытунёвых вырабаў, якія перавозяцца цягнікамі зь Беларусі, адзначаюць у Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тытунёвы кароль» Беларусі. Рэжым Лукашэнкі і кантрабанда цыгарэтаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі «ваенную» схему кантрабанды тытуню зь Беларусі праз Эўропу на ўкраінскую тэрыторыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі спынілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. Гэтым разам везьлі пад выглядам «дзьвярэй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ліквідавалі падпольную тытунёвую фабрыку. Затрымалі 9 беларусаў