Сьцісла:
- З 2015 году Андрэй Дзьмітрыеў (як і ўся кампанія «Гавары праўду») увасабляў вобраз палітыка, які прадстаўляе канструктыўную апазыцыю.
- Ён спрабаваў стварыць «трэцюю сілу», якая пазыцыянуе сябе паміж уладай і традыцыйнай апазыцыяй.
- Пасьля 2020 году Дзьмітрыеў паспрабаваў працягваць выконваць ролю канструктыўнай апазыцыі.
- Затрыманьне Андрэя Дзьмітрыева азначае, што цяпер ніякая апазыцыя немагчымая і ўсякая крытыка забароненая.
Кейс Андрэя Дзьмітрыева ў беларускай палітычнай прасторы цікавы сам па сабе, нават безадносна да цяперашняга яго затрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Дзьмітрыева завялі крымінальную справу, яго вінавацяць у сустрэчы з Гілары Клінтан і 599 перасячэньнях дзяржаўнай мяжыКалі паспрабаваць паглядзець трошкі назад у гісторыю, то, ва ўсякім разе для мяне, узьнікае адно пытаньне. Чаму падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўлады не зарэгістравалі Ціханоўскага, Бабарыку, Цапкалу, статус галоўнага кандыдата ад апазыцыі не перайшоў да Дзьмітрыева? Ён быў самы дасьведчаны з чатырох кандыдатаў (Ціханоўская, Канапацкая, Чэрачань, Дзьмітрыеў). Ягоныя выступы па БТ былі самыя талковыя. Ён увасабляў вобраз негвалтоўнага супраціву, што было ў мэйнстрыме тагачасных грамадзкіх настрояў.
Дасьведчаныя людзі мне адразу ж адкажуць, што за ім цягнецца нэгатыўны «хвост» ад 2010-га году, калі ён быў вымушаны выступіць зь дзіўнай заявай па БТ. Але пра гэта памятала толькі моцна палітызаваная публіка з асяродзьдзя «старой» апазыцыі. Абсалютная большасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе, нічога ня ведалі пра тую гісторыю, бо да таго часу мала цікавіліся палітыкай.
Тады была вялікая асьцярога, што рэжым выставіў спойлераў, падстаўных кандыдатаў, якія імітуюць ролю апазыцыянэраў. І адзіным кандыдатам, да якога не прыставаў такі ярлык, была Сьвятлана Ціханоўская, бо яе муж Сяргей ужо сядзеў у турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе стэрыльная прастора». Палітоляг пра тое, што стаіць за арыштам Дзьмітрыева, які «ня ў той час пайшоў на выбары»З 2015 году Андрэй Дзьмітрыеў (як і ўся кампанія «Гавары праўду») увасабляў вобраз палітыка, які прадстаўляе канструктыўную апазыцыю. Ён прынцыпова ня ўдзельнічаў у апазыцыйных вулічных акцыях, прытрымліваўся тактыкі «малых спраў» (рашэньне бытавых пытаньняў людзей), падтрымліваў кантакты з чыноўнікамі. На ўсе папрокі прадстаўнікоў традыцыйнай апазыцыі ў здрадзе высокім ідэалам ён тлумачыў, што працуе на іншы электарат. Маўляў, ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія нэгатыўна ставяцца да Лукашэнкі, аднак не прымаюць лёзунгі тытульнай апазыцыі (рынкавая эканоміка, беларускае адраджэньне, дыстанцыяваньне ад Расеі і інтэграцыя ў Эўропу), вось зь імі і трэба працаваць. То бок гэта была лінія на стварэньне «трэцяй сілы», якая пазыцыянуе сябе паміж уладай і традыцыйнай апазыцыяй. Першай спробай усур’ёз рэалізаваць гэты канструкт на практыцы стаў удзел сустаршыні «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.
Плянавалася, што ў 2020 годзе гэтая «трэцяя сіла», увасобленая ў вобразе Дзьмітрыева, можа мець посьпех, стаць галоўнай альтэрнатывай Лукашэнку з усімі пазытыўнымі наступствамі. Аднак здарылася вялікая неспадзяванка. Па-першае, «другая сіла» ў выглядзе традыцыйнай апазыцыі ў ходзе прэзыдэнцкай кампаніі ўвогуле зьнікла з палітычнай арэны. А вось «трэцяя сіла» ў выглядзе цяжкавагавікоў Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы цалкам запаланіла альтэрнатыўную Лукашэнку прастору. На гэтым тле Дзьмітрыеў згубіўся.
Пасьля 2020 году сытуацыя ў краіне радыкальна памянялася. У Беларусі ўсталявалася жорсткая дыктатура. Ніякая палітычная дзейнасьць, акрамя праўладнай, стала немагчымая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Помста як жыцьцёвае крэда. Чаму аналітыкі памыляюцца, калі спрабуюць вытлумачыць паводзіны Лукашэнкі толькі рацыянальнымі матываміА Дзьмітрыеў спрабаваў надалей выконваць ролю канструктыўнай апазыцыі. Ён пэрыядычна выступаў зь відэаблогамі, у якіх умерана крытыкаваў афіцыйную палітыку. На канале ў TikTok у яго больш за дзевяць тысяч падпісчыкаў. А таксама працягваў езьдзіць па рэгіёнах, аднаўляць структуры «Гавары праўду» пад новай назвай «Наша партыя».
Затрыманьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева сымбалізуе новы крок у эвалюцыі лукашэнкаўскага рэжыму. Цяпер ніякая апазыцыя, нават канструктыўная, немагчымая. Усе абвешчаныя ворагамі. Усякая крытыка забароненая. Затрыманьне Дзьмітрыева, як і «наезд» на ўсю сям’ю Яўгена Лівянта, — гэта сыгнал усім, што забаронена крытыкаваць уладу як такую, нават калі гаворка ідзе не пра Лукашэнку, а, напрыклад, як у выпадку Лівянта, пра Міністэрства адукацыі. Нават калі маўчыш, гэта яшчэ не гарантыя, што будзеш на свабодзе. Цяпер трэба толькі хваліць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.