Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Ўкраіны Анджэй Дуда, Гітанас Наўседа і Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Львове падпісалі дэклярацыю ў рамках Люблінскага трохкутніка.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Канцылярыі польскага прэзыдэнта, у дэклярацыі пацьверджана неад’емнае права Ўкраіны абараняць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць. У дэклярацыі таксама адзначаецца, што Польшча і Літва жадаюць дапамагчы ў аднаўленьні Ўкраіны пасьля завяршэньня вайны.
У цэнтры трохбаковых перамоваў была тэма далейшай дапамогі Ўкраіне ва ўмовах расейскай агрэсіі, а таксама падтрымка празаходніх інтэграцыйных памкненьняў Украіны.
На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што польскі ўрад перадасьць Украіне роту танкаў Leopard 2 у рамках міжнароднай кааліцыі. (Паводле стандартаў NATO роту складаюць 14 танкаў. — Радыё Свабода).
Гітанас Наўседа паведаміў, што Літва перадасьць Украіне сыстэмы супрацьпаветранай абароны і зэнітныя сыстэмы.
Апошняя сустрэча ў межах Люблінскага трохкутніка адбылася на ўзроўні прэм’ер-міністраў Польшчы, Літвы і Ўкраіны ў лістападзе 2022 году. Яна таксама завяршылася падпісаньнем дэклярацыі.
Фармат Люблінскага трохкутніка быў створаны ў 2020 годзе. У ліпені 2021-га міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба назваў Люблінскі трохкутнік «рэальнай альтэрнатывай на будучыню» для Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны: Люблінскі трохкутнік для Беларусі — рэальная альтэрнатыва на будучынюУ студзені 2021 году сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Польшчы і Літвы праходзіла ў дыстанцыйным рэжыме пры ўдзеле Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люблінскі трохкутнік безь Беларусі ня поўны». У Кіеве расказалі пра размову зь Ціханоўскай і магчымы дыялёг з Лукашэнкам