Кіраўніца МЗС Нямеччыны наведала Харкаў зь неанансаваным візытам

 Анналена Бэрбак стала першым членам нямецкага ўраду, які наведаў украінскі горад непадалёк ад лініі фронту

У аўторак Харкаў наведала міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак, паведамляе агенцтва DPA.

Паведамляецца, што ў неанансаванай паездцы яе суправаджалі міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба і амбасадар Украіны ў Нямеччыне Аляксей Макееў.

Свой трэці візыт ва Ўкраіну падчас вайны Бэрбак назвала праявай салідарнасьці. Яна паабяцала больш нямецкай гуманітарнай дапамогі, уключаючы генэратары, паліва і коўдры, а таксама «далейшыя пастаўкі зброі».

Візыт адбыўся празь некалькі дзён пасьля рашэньня ўраду ФРН перадаць Кіеву баявыя машыны пяхоты Marder. Кіеў таксама просіць у Нямеччыны баявыя танкі, але Бэрлін пакуль адхіляе гэтую просьбу.

Агенцтва AFP таксама цытуе Бэрбак: «Ва ўсіх кутках Украіны, ад Харкава да Херсона і Кіева, людзі павінны ведаць, што яны могуць разьлічваць на нашу салідарнасьць і падтрымку».

Анналена Бэрбак стала першым чальцом нямецкага ўраду, які наведаў украінскі горад непадалёк ад лініі фронту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны ня бачыць сэнсу ў перамовах з Расеяй, падтрымлівае пастаўкі зброі Ўкраіне