У Бразыліі прыхільнікі былога прэзыдэнта ўварваліся ў будынак Кангрэсу

У Бразыліі прыхільнікі былога прэзыдэнта Жаіра Балсанару ў нядзелю ўварваліся ў будынак Кангрэсу — парлямэнту краіны — у сталіцы, горадзе Бразыліа.

На апублікаваных відэа і фота бачна, што прыхільнікі Балсанару забраліся на дах будынка, а потым праніклі ў залю пасяджэньняў. Паліцыя не змагла ім перашкодзіць.

Групы прыхільнікаў Балсанару таксама штурмавалі прэзыдэнцкі палац і будынак Вярхоўнага суду. Ім удалося прарвацца і ў гэтыя будынкі.

Прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што накіруюць у горад падмацаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бразыліі разьвітваюцца са славутым футбалістам Пэле. ФОТА

Прыхільнікі прадстаўніка правых сіл Балсанару называюць вынікі выбараў, на якіх, паводле афіцыйных зьвестак, перамог зь невялікім адрывам Луіш Інасію Лула да Сілва, сфальсыфікаванымі.

Луіш Інасію Лула да Сілва, толькі тыдзень таму прыведзены да прысягі пасьля перамогі на выбарах, цяпер адсутнічае ў сталіцы.

Некаторыя камэнтатары адзначаюць, што цяперашнія падзеі нагадваюць напад прыхільнікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на Капітолій 6 студзеня 2021 году — тады прэзыдэнт таксама адмовіўся прызнаць сваю паразу на выбарах.

Паводле інфармацыі CNN Brasil, паліцыя затрымала за беспарадкі каля 400 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балсанару не прызнаў паразы на прэзыдэнцкіх выбарах у Бразыліі, аднак пачаў працэс перадачы ўлады