Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балсанару не прызнаў паразы на прэзыдэнцкіх выбарах у Бразыліі, аднак пачаў працэс перадачы ўлады


Жаір Балсанару
Жаір Балсанару

Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару не прызнаў паразы ў сваёй першай публічнай заяве пасьля паразы на выбарах у нядзелю, заявіўшы, што пратэсты яго прыхільнікаў былі плёнам «абурэньня і пачуцьця несправядлівасьці» з нагоды галасаваньня.

Аднак Жаір Балсанару ня стаў аспрэчваць вынікі галасаваньня і ўпаўнаважыў кіраўніка свайго штабу Чыра Нагейру пачаць пераходны працэс з прадстаўнікамі Луіса Інасіу Лула да Сілвы, які перамог на выбарах.

Балсанару не рэагаваў на вынікі выбараў 44 гадзіны пасьля іх заканчэньня, затрымка выклікала асьцярогі, што ён паспрабуе паставіць пад сумнеў вынік, піша Reuters. На фоне яго маўчаньня прыхільнікі перакрылі аўтамагістралі ў знак пратэсту супраць паразы, а некаторыя заклікалі да ваеннага перавароту, каб спыніць вяртаньне былога прэзыдэнта Лулы да ўлады.

Блякаваньне шашы парушыла дастаўкі паліва, тавараў у супэрмаркеты і паток экспарту збожжа ў буйныя парты.

У сваім кароткім звароце да нацыі прадстаўнік правых сілаў Балсанару пажартаваў, што журналісты будуць сумаваць па ім, падзякаваў тым, хто прагаласаваў за яго, і сказаў, што будзе прытрымлівацца Канстытуцыі, якая прадугледжвае перадачу ўлады 1 студзеня.

Ён сказаў, што пратэстоўцы павінны пазьбягаць зьнішчэньня маёмасьці або «перашкоды праву прыходзіць і сыходзіць», але не сказаў ім ісьці дадому.

У сваёй заяве Вярхоўны суд заявіў, што, санкцыянаваўшы пераход ураду, Балсанару прызнаў вынікі выбараў. Перад галасаваньнем у нядзелю Балсанару неаднаразова выказваўся аб тым, што выбарчая сыстэма адкрытая для фальсыфікацый, і абвінавачваў выбарчыя органы ў тым, што яны аддаюць перавагу яго леваму праціўніку.

Перамога Лулы — вяртаньне да ўлады 77-гадовага былога работніка мэталюргіі, які правёў 19 месяцаў у турме за карупцыйныя прысуды, перш чым іх скасавалі. Лула паабяцаў адмяніць многія рашэньні Балсанару, у тым ліку захады па валоданьні зброяй і слабую абарону трапічных лясоў Амазонкі. Яго памочнікі пацьвердзілі, што ён прыме ўдзел у кліматычным саміце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый COP27 у гэтым месяцы ў Эгіпце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG