Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бразыліі разьвітваюцца са славутым футбалістам Пэле. ФОТА


Букет кветак з надпісам «Пэле навечна» і дзіцячы малюнак побач са стадыёнам «Віла Бэльміра» ў Сантусе, Бразылія, 3 студзеня 2023
Букет кветак з надпісам «Пэле навечна» і дзіцячы малюнак побач са стадыёнам «Віла Бэльміра» ў Сантусе, Бразылія, 3 студзеня 2023

Легенда сусьветнага футболу памёр 29 сьнежня пасьля працяглай барацьбы з ракам. Разьвітацца зь ім прыйшлі сотні тысяч людзей, па ўсёй Бразыліі абвешчана жалоба.

Разьвітаньне з Пэле адбываецца ў Сантусе на стадыёне «Віла Бэльміра» («Эстадыа Ўрбана Калдэйра») — арэне роднага клюбу футбаліста, дзе той правёў амаль усю кар’еру, стаўшы яго найлепшым бамбардзірам за ўсю гісторыю. У 636 матчах за «Сантус» Пэле забіў 618 галоў.

Каля стадыёну прадаюць футболкі з выявай Пэле і саколкі зборнай Бразыліі з нумарам 10, пад якім гуляў «Кароль футболу», як яго часта называюць.

Фанат «Сантусу» аплаквае легенду футболу побач зь ягонай выявай
Фанат «Сантусу» аплаквае легенду футболу побач зь ягонай выявай
Людзі ў ваколіцах стадыёну ў чаканьні сваёй чаргі на разьвітаньне
Людзі ў ваколіцах стадыёну ў чаканьні сваёй чаргі на разьвітаньне

Труна зь целам Пэле, які памёр у 82 гады, стаіць на полі стадыёну, падысьці да яе могуць усе ахвотныя. Утварыліся доўгія чэргі. Пахаваньне адбудзецца падчас прыватнай цырымоніі, гэта значыць пры абмежаванай колькасьці людзей. Твар Пэле накрыты вэлюмам, вакол труны шмат кветак.

Труна зь целам Пэле
Труна зь целам Пэле
Удава Пэле Марсія Цыбэле Аёкі (справа)
Удава Пэле Марсія Цыбэле Аёкі (справа)

На разьвітаньне з Пэле прыехала шмат знакамітых людзей, у тым ліку прэзыдэнт ФІФА Джаньні Інфантына, які заявіў, што ў кожнай краіне можна перайменаваць адзін стадыён у гонар Пэле.

Труна знаходзіцца ў цэнтры поля
Труна знаходзіцца ў цэнтры поля
Каля труны знакамітага футбаліста шмат кветак
Каля труны знакамітага футбаліста шмат кветак

Кніга рэкордаў Гінэсу прызнае за Пэле рэкорд па колькасьці забітых галоў у кар’еры з паказчыкам у 1279 мячоў за 1363 матчы. Яшчэ з эпохі актыўнай футбольнай кар’еры ў 50-70-хх гг. сотні гульцоў, трэнэраў і журналістаў называлі менавіта Пэле найлепшым футбалістам усіх часоў.

Прыхільніца футболу фатаграфуецца на фоне барэльефу Пэле каля стадыёну «Віла Бэльміра» ў Сантусе
Прыхільніца футболу фатаграфуецца на фоне барэльефу Пэле каля стадыёну «Віла Бэльміра» ў Сантусе

Бразылец са сваёй зборнай тры разы станавіўся чэмпіёнам сьвету, што пакуль не паўтарыў ніхто ў сьвеце. Пры гэтым цікава, што Пэле ані разу ня выгуляў з нацыянальнай камандай Кубак Амэрыкі — самы прэстыжны турнір для паўднёваамэрыканскіх зборных пасьля чэмпіянату сьвету. У клюбнай кар’еры ў складзе «Сантусу» на рахунку Пэле шэраг нацыянальных і міжнародных тытулаў, у тым ліку два неафіцыйныя званьні найлепшага клюбу сьвету (перамога ў Міжкантынэнтальным кубку).

Пэле (сапраўднае імя Эдсан Арантыс ду Насімэнту)— наймаладзейшы ўладальнік Кубка сьвету ў гісторыі. На момант перамогі над швэдамі ў 1958 годзе Пэле было 17 гадоў і 249 дзён. Таксама ён стаў другім футбалістам, які забіваў у двух фінальных матчах чэмпіянатаў сьвету, першым быў ягоны зямляк Вава. Міжнародная фэдэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS) прызнала Пэле найлепшым футбалістам ХХ стагодзьдзя, а Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) — найлепшым спартоўцам стагодзьдзя.

Пэле тры разы быў жанаты, меў двух сыноў і чатырох дачок.

Праход да труны Пэле. Па трыбуне расьцягуты надпісы «Жыве кароль» і «Пэле 82 гады»
Праход да труны Пэле. Па трыбуне расьцягуты надпісы «Жыве кароль» і «Пэле 82 гады»

З 1994-га па 1997 год Пэле быў міністрам спорту Бразыліі, займаўся бізнэсам, прымаў удзел у шэрагу дабрачынных праектаў. Бацька бразыльца Дандыньё, як і сын Пэле Эдыньё, таксама былі футбалістамі.

Апошнія гады Пэле змагаўся з ракам, ягоны стан пэрыядычна пагаршаўся. У сьнежні 2022-га стала вядома, што легендарны футбаліст ужо ў крытычным стане здароўя, за некалькі дзён да скону зь ім разьвіталася сям'я.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG